Архіў навінаў
24.12.2014 Грамадства
У Брэсце незалежнага журналіста аштрафавалі на 6 млн рублёў
 
Алеся Леўчука прызналі вінаватым у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі.
 
Незалежнага журналіста Алеся Леўчука прызналі вінаватым у супрацы з телеканалам "Белсат" (Польшча) і аштрафавалі на 6 млн рублёў (40 базавых велічыняў). Такое рашэнне 24 снежня прыняў суд Ленінскага раёну Брэста.
 
Падставай для абвінавачання сталі паказанне сведкі. Ён прызнаў, што 24 лістапада Ляўчук узяў у яго інтэрв'ю падчас запісу апытанння. Запіс пазней з'явіўся на сайце телеканалу"Белсат".
 
Ляўчук адмовіўся падчас паседжання што-небудзь тлумачыць. З яго словаў, пратакол складзены з грубымі парушэннямі і суддзя проста не мае права яго разглядаць. Аднак суддзя Ларыса Назарэнка не ўгледзела ў пратаколе падставаў для дапрацоўкі.
 
"У пратаколе было шмат памылак. Ён пачаўся з памылкі! Выйшлі тэрміны, але ўсё роўна яны спачатку склалі адзін пратакол, а пазней выправілі, перапісалі і новы пратакол даслалі... Цалкам беззаконне! А суддзя нават не хацела звяртаць увагу на гэта! Ну, гэта проста смешна!" — распавядае Еўрарадыё сам Алесь Ляўчук.
 
Дарэчы, у пратаколе няма тлумачэнняў журналіста. Ён, нібыта, адмовіўся іх даваць, хоць насамрэч Ляўчук адмовіўся з'яўляцца без позвы ў міліцыю. На супрацоўніка Ленінскага РАУС, які складаў пратакол, журналіст збіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру. Рашэнне суда ён збіраецца абскарджваць.
 
Дарэчы, роўна тыдзень таму была аштрафаваная журналістка з Бярозы. Тамару Шчапёткіну таксама прызналі вінаватай за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі. Яна атрымала штраф у памеры 4,5 млн рублёў.
 
http://euroradio.fm