Архіў навінаў
24.12.2014 Грамадства
Беларусу, затрыманаму пасля вяртання з Украіны, забаранілі выезд за мяжу
 
Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам Зміцер Палойка.
 
Жыхару Баранавічаў Змітру Палойку забаранілі выезд за мяжу. Маладога чалавека затрымалі на мясцовым вакзале 11 снежня. Ён як раз вярнуўся з Украіны, дзе правёў паўгода. Хлопца абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на 10 сутак. Днямі ён выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання.
 
Пакуль Зміцер Палойка адбываў адміністрацыйнае пакаранне з'явіліся версіі, што імя актывіста знайшлі ў спісе ўкраінскага батальёна "Данбас". У каментары Еўрарадыё малады чалавек распавёў, што пасля затрымання міліцыянерамі ён меў 3-гадзінную гутарку з двума супрацоўнікамі КДБ. Цікавіліся яны менавіта згаданым спісам.
 
Палойка: "Супрацоўнікі КДБ мне казалі, што мае прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння супадаюць з тымі, што з'явіліся ў спісах батальёну "Данбас", якія выклалі ў інтэрнеце. Я не ведаю, як мае дадзеныя маглі там з'явіцца... Хто іх, гэтыя спісы, ўвогуле складаў?".
 
Свой удзел ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне, як і ўвогуле ў баявых дзеянных на Данбасе, Зміцер Палойка адмаўляе. Па яго словах, ва Украіне ён працаваў слесарам, пазнаёміўся з дзяўчынай Вітай, з якой збіраецца ажаніцца і стала жыць ва Украіне. У Баранавічы ён вярнуўся, каб прадаць сваю квартэру.
 
Зміцер Палойка дадае, што прыехаць да нявесты ён пакуль не можа, бо яму часова забаранілі выезд з Беларусі:
 
"Мне паведамілі так, што кіраўнік Брэсцкага абласнога КДБ сваім подпісам забараніў мне выезд за мяжу. Я запытаў, на які тэрмін? Мне адказалі, што да яго асаблівага распараджэння. Паводле дакументаў, якія мне зачыталі, падстава — тое, што я магу выехаць ва Украіну, каб прыняць удзел у баявых дзеяннях".
 
Пакуль ідзе разбіральніцтва і Зміцер Палойка з'яўляецца "невыязным", ён плануе ўладкавацца на працу ў родным горадзе. Сваё затрыманне, пасля якога адсядзеў 10 сутак, Палойка называе прэвентыўным. Рашэнне суду ён збіраецца абскардзіць.
 
http://euroradio.fm