Архіў навінаў
23.12.2014 Грамадства
Баранавічы: праваабаронца просіць пакараць супрацоўнікаў суда, якія пазбавілі Зміцера Палойку права на абскарджанне
 
Праваабаронца Сяргей Гоўша 22 снежня напісаў скаргу ў кнізе скаргаў і прапаноў суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы па адміністрацыйнай справе Зміцера Палойкі. Справа ў тым, што праваабаронца 16 снежнязаключыў дамову з адвакатам, каб аказаць юрыдычную дапамогу грамадскаму актывісту, і разам з ім накіраваліся ў суд, каб азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Адміністрацыйна арыштаваны Палойка ўжо 5 дзён адбываў пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), а ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы такой справы, як паведамілі адвакату ў канцэлярыі па адміністрацыйных справах, не аказалася! Дзіўная рэч атрымалася: справы няма, а чалавек сядзіць.
 
Зміцер Палойка, якога наведаў адвакат у ІЧУ,пацвердзіў, што суд 11 снежня адбыўся, і судзіў яго сам старшыня суда Мікалай Кміта. Асуджаны да 10-ці суткавага адміністрацыйнага арышту Палойка паведаміў таксама, што яму не выдалі копію рашэння суда, якую павінны былі зрабіць.
 
Толькі пасля таго, як Зміцер Палойка 21 снежня выйшаў на волю, ён разам з праваабаронцам Сяргеем Гоўшам наведаў суд і атрымаў рашэнне суда па сваёй адміністрацыйнай справе, якая нечакана знайшлася. Зразумела, што абскардзіць рашэнне суда цяпер ён ужо не можа, бо па закону гэта мажліва зрабіць толькі на працягу 5 дзён з моманту прыняцця рашэння суда, а прайшло не 5, а цэлых 11 дзён.Сам жа старшыня суда, які судзіў Зміцера, сышоў у адпачынак.
 
У сувязі з гэтай сітуацыяй Сяргей Гоўша накіраваў скаргу на незаконныя дзеянні суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, якія прывялі да парушэння правоў Зміцера Палойкі на абскарджанне гэтага рашэння ў вышэйстаячым судзе. Праваабаронца просіць пакараць тых службовых асоб гарадскога суда, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства.
 
http://spring96.org