Архіў навінаў
22.12.2014 Грамадства
Беларус, затрыманы пасля вяртання з Украіны, выйшаў на волю
 
Аднак Зміцер Палойка пакуль адмаўляецца ад каментароў.
 
Зміцер Палойка выйшаў на волю пасля 10-суткавага арышту. Нагадаем, што маладога чалавека затрымалі на вакзале ў родных Баранавічах 8 снежня. Ён якраз вярнуўся з Украіны, дзе правёў паўгода. Хлопца абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на 10 сутак.
 
З'явіліся версіі, што імя актывіста знайшлі ў спісе ўкраінскага батальёна "Данбас".
 
Змітра Палойку вызвалілі з ізалятара часовага затрымання ў ноч з 20 на 21 снежня. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў мясцовы праваабаронца Сяргей Гоўша. Звязацца з самім Змітром Палойкам пакуль не ўдалося.
 
"Пакуль ён адмаўляецца, на жаль, што-небудзь каментаваць. Ён прасіў проста пакуль пра гэта не гаварыць — хоча яшчэ ўсё абдумаць", — кажа Сяргей Гоўша.
 
Пакуль Палойка знаходзіўся ў ізалятары баранавіцкая газета "Intex-press" пагаварыла з нявестай Змітра — Вітай. Дзяўчына жыве ва Украіне ў горадзе Курахова Данецкай вобласці. Яны пазнаёміліся летам праз інтэрнэт, а цяпер Віта і Зміцер вырашылі ажаніцца. Па словах дзяўчыны, Палойка паехаў у Баранавічы, каб прадаць кватэру і перабрацца жыць ва Украіну. Віта адмаўляе версію пра службу свайго жаніха ў батальёне "Данбас".
 
http://euroradio.fm