Архіў навінаў
22.12.2014 Грамадства
„Беларускае золата” ад Уладзіміра Хільмановіча
 
Бібліятэка Беларускага Радыё Рацыя папоўнілася новым выданнем. Журналіст, публіцыст і наш калега Уладзімір Хільмановіч сабраў пад адной вокладкай свае нарысы пад агульнай назвай “Беларускае золата”.

РР: Так разумею, “Беларускае золата” – мы не гаворым пра карысныя выкапні ў Беларусі.

- Безумоўна, гаворым найперш пра духовыя скарбы, таксама пра помнікі культуры, архітэктуры, славутыя мясціны і можа менш ведамыя мясціны ў нашай гісторыі, у розных рэгіёнах Беларусі.

 РР: Як раз хацела сказаць пра геаграфію, бо гэта не будзе толькі памежны рэгіён, усё ж такі мы ахопліваем і іншыя тэрыторыі.

- Нарысы ахопліваюць шырэйшы рэгіён, але, канешне, у асноўным гэта наша сумежжа, тут дзе мы жывём – Гарадзеншчына, Берасцейшчына, крыху Беласточчыны. На жаль, мала напісаў нарысаў пра Беласточчыну, было спадзяванне, што будзе болей. Але так сталася, як сталася. У кніжку ўвайшло 120 нарысаў. Я іх называю літаратурна-краязнаўчымі нататкамі.

РР: З гэтымі нарысамі многія чытачы ўжо маглі пазнаёміцца.

- Так, фактычна яны друкаваліся цягам двух гадоў у беластоцкай “Ніве”, пасля гукавая версія была ў этэры нашага Беларускага Радыё Рацыя. І потым думка прыйшла сабраць гэта ўсё пад адной вокладкай, гэтыя 120 нарысаў, і ў выніку атрымалася кніжка.

РР: І звяртаю ўвагу, што кожны з гэтых нарысаў не толькі аўтарскі, у такім сэнсе, што вы іх напісалі, але і ў тым сэнсе, што вы былі ў кожным з гэтых месцаў, пра якое расказваеце.

- Безумоўна, пісаць пра тое, чаго не бачыў, не чуў і не адчуў – проста нельга. Бо ёсць маральная адказнасць за тое, што ты пішаш. Канешне, трэба было адчуць гэтую зямлю, подых гэтай зямлі, прайсціся гэтымі сцежкамі, гэтымі мясцінамі. Розныя нарысы, рознага кшталту. І канешне, хачу падзякваць найперш калектыву беластоцкай “Нівы” і галоўнаму рэдактару Яўгену Вапу, каб не яны, то гэтай кніжкі напэўна не было б.

РР: Калі ўзяць гэтыя асобныя нарысы, ці можна адзначыць нейкія больш унікальныя, у тым плане, што можа апісваюцца менш вядомыя шырокаму чытачу і слухачу мясціны.

- Я расказваю ў асноўным пра ведамыя мясцовасці, ведамыя артэфакты і здабыткі нашай гісторыі, нашай культуры. Але, канешне, ёсць тут і маленькія мясцовасці, дзе многія, напэўна, не былі, і пагэтаму кніжка і служыць такім заахвочваннем наведаць тыя мясціны, калі чытачы прачытаюць пра тую ці іншую мясцовасць і зацікавяцца, то гэта будзе ім пэўным дапаможнікам, таму што я пішу таксама пра мясцовыя скарбы – пра цікавыя легенды, нейкія паданні, пра тыя помнікі, якія ёсць у той ці іншай мясцовасці.

РР: Калі звярнуцца яшчэ да самаго выдання, то яно змяшчае не толькі самі нарысы, самі артыкулы, але яшчэ і багата аздобленыя фотаздымкамі.

- Макет кнігі рабіў Адам Паўлоўскі, за што яму вялікі і шчыры дзякуй! А ў кніжцы сапраўды акрамя нарысаў змешчаны здымкі, і пераважна гэта мае асабістыя здымкі. Некаторыя з іх, канешне, прайгралі, стаўшы чорна-белымі, некаторыя наадварот – зайгралі па-іншаму ў чорна-белым варыянце. Тым не менш я вельмі задаволены, што ўдалося змясціць гэтыя здымкі. Дзе мне здымкаў бракавала – дапамаглі сябры, з дзясятак здымкаў ад маіх сяброў, якіх я прасіў даць фота той ці іншай мясцовасці.

РР: А якім вам бачыцца чытач? Як бы вы хацелі, каб хто ўзяў у рукі гэтую кнігу?

- Я мяркую, што гэта такое папулярнае выданне і дастаткова шырокае. Гэтую кніжку можа прачытаць і 10-гадовы вучань, і пенсіянер, калі хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, беларускай нашай культурай. Таму, я думаю, узроставы дыяпазон чытачоў досыць шырокі ў гэтай кніжкі.

РР: Калі мы кажам пачытаць, то ўсё ж такі давайце скажам, дзе знайсці зможам гэтае выданне.

- Я думаю, што найперш у рэдакцыі Беларускага Радыё Рацыя і таксама ў рэдакцыі тыднёвіка “Ніва” – уласна там, дзе гэтыя нарысы пабачылі свет, ці прагучалі ўпершыню.

У кнізе “Беларускае золата” аўтарства Уладзіміра Хільмановіча наведаем Базыльянскія муры і Свіслацкую гімназію, дазнаемся Гальшанскія легенды, або выправімся ў вандроўку па Луне.

З аўтарам пагутарыла Яна Запольская.

http://www.racyja.com