Архіў навінаў
17.12.2014 Грамадства
Яўген Скрабутан: Расейца, які пачаў канфлікт, адпусцілі, мяне будуць судзіць
 
Cуд за дробнае хуліганства пройдзе 30-га снежня над сябрам Партыі БНФ Яўгенам Скрабутанам. Паводле яго, ён вяртаўся з Польшчы ў цягніку з Тарэспаля, у якім пазнаёміўся з грамадзянінам Расеі.
 
„Разгаварыліся пра крызіс, абвал рубля, „крым-наш” і гэтак далей. Нават прапаноўваў яму братнюю дапамогу – на таксоўцы падкінуць. Ён нечакана ўчапіўся за каўнер ды пачаў тузаць проста ў чарзе да мытнага кантролю”, – распавядае акалічнасці здарэння Яўген Скрабутан:
 
- Сказаў, што ён са Смаленску. Мы ехалі проста разам, у адным вагоне, цікава было з ім паразмаўляць. Звычайная размова ператварылася ў канфлікт. Я спадзяюся, што суд разбярэцца, хаця складана паверыць у тое. Міліцыянты ўжо напісалі ў пратаколе свядомую хлусню, што я лаяўся матам, хаця ж ёсць камеры відэаназірання ў зале мытнага дагляду, на вакзале каля касаў. Даказаць сваю праўду можна, але, на жаль, ніякі беларускі суд не дае магчымасці сябе абараніць. Ну паглядзім.
 
Як адзначае Яўген Скрабутан, невядома чаму расейца, які і пачаў канфлікт, пасля складання пратаколу апытання, адпусцілі. Сябра ж Партыі БНФ яшчэ перад новым годам чакае суд па артыкуле 17.1 адміністрацыйнага кодэкса.
 
http://www.racyja.com