Навіны
14.06.2020
Падпісванне за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты мае пратэстны характар
 
(фотарэпартаж)
 
Як толькі ўлады, падначаленыя прэтэндэнта № 1 на прэзідэнцкую пасаду, пачынаюць ціснуць на ягоных канкурэнтаў жыхары Берасця дэманстратыўна выходзяць на вуліцу каб падпісацца ў першую чаргу за тых прэтэндэнтаў, якія пакутуюць ад пераследу “сілавікоў”.

У той сама час пікетаў па збору подпісаў за Лукашэнку на вул Берасця не назіраецца, ёсць сігналы, што дзе-нідзе на прадпрыемствах выстаўляюць, але візуальных пацверджанняў, за выключэннем калісь аднаго разу на “Лагуне”, няма...

Пакуль ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты разгортваюць намёты, берасцейцы абураныя сітуацыяй вакол завода акумулятарных батарэй збіраюцца на плошчы Леніна “карміць галубоў”.

Берасцейскія сілы правапарадку забяспечваюць ахову грамадзкага парадку, большасць (з амаль трыццаці супрацоўнікаў, не улічваючы ДАІ) у цывільным, пару жанчын, аператар, двух у форме, на скрыжаваннях ДАІ… Кіруюць праваахоўнікамі намеснікі начальнікаў УУС і Ленінскага РАЎС, ў цывільным яны не адрозніваюцца ад пратэстуючых, ціхенька, звонку адсочваюць сітуацыю…

У цэнтры ўвагі тых, хто прыйшоў на плошчу, збор подпісаў пад патрабаваннем правядзення новых грамадскіх абмеркаванняў праекта акумулятарнага завода. Калектыўны зварот будзе ў бліжэйшы час накіравана кіраўніцтву Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкага райвыканкама, а таксама лядовым партнёрам прэзідэнта (прэтэндэнта на прэзідэнта) Аляксандра Лукашэнка, якія сталі новымі уласнікамі завода ТАА «Акумулятарны альянс».

Пакуль людзі з плошчы Леніна дабіралісь да месца збору подпісаў, ДАІ на скрыжаванні побач з помнікам 1000-годдзя Берасцю старанна кантралявалі рух транспарту і правяралі падазроныя аўтамабілі, напрыклад, доўга трымалі машыну маркі Tundra на менскіх нумарах...

За гэты час каля кінатэатра Беларусь разгарнулісь пікеты ІГ Дмітрыева, Чэрачня, Цэпкалы, з'явіўся зборшчык подпісаў за Кавалькову

Адзін з падпісчыкаў пахваліўся, што за ўсіх падпісваецца, і дадаў: “А вось учора Таболіч прыязджаў. Сустракаўся з берасцейцамі. Танцаваў, песні пеў… Гаварыў мала”.
Збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую працягнецца ў панядзелак.

Амаль увесь аддзел аховы грамадзкага парадку выйшаў на службу каб забяспечыць грамадзкі парадак.

Пакуль у Берасці без затрыманняў.