Навіны
11.06.2020
Працягваецца судовы пераслед экаактывіста Паўла Кінчака, гэтым разам безвынікова
 
Павел Кінчак працуе дальнабойшчыкам. Яго затрымалі на памежным тэрмінале, пры перасячэнні польска-беларускай мяжы. Да суда яго змясцілі ў ІЧУ Ленінскага РАЎС г. Брэста. Кінчака абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве - пратэсце супраць акумулятарнага завода 12 красавіка.

Але гэтага камусьці падалося мала...

Нагадаем, 19 траўня суд Ленінскага раёна г. Брэста разгледзеў адміністратыйную справу экаактывіста Паўла Кінчака.

Справу разглядаў суддзя Аляксандар Семянчук. Кінчак прызнаў, што 12 красавіка ішоў па вуліцы, шпацыраваў. Яму было цікава. Людзі ішлі, ён з імі не быў знаёмы. Ніякіх лозунгаў не прамаўляў.

Сведка Піліп Пятленка, супрацоўнік АБЭП, нёс службу і бачыў, што Кінчак прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і даваў блогеру Ціханоўскаму інтэрв'ю. Прысутныя выкрыквалі лозунгі падчас шэсця.

Суддзя Семянчук пастанавіў пакараць экаактывіста штрафам у 30 базавых велічынь бо парушыў ч.1 арт 23.34 КаАП.

11 чэрвеня Павал Кінчак безвынікова абскардзіў прысуд Ленінскага раённага суда г. Брэста ў Брэсцкім абласным судзе. У адсутнасць апелянта суддзя Васілюк Андрэй Анатолевіч пакінуў папярэдняе рашэнне без зменаў, а скаргу без задавальнення.

***

Дык вось. Камусці падалося, што штрафа ў 30 базавых для экаактывіста мала. Гэты невядома хто падбухторыў кіроўцу фуры, што 28 траўня вывозіла “левыя акумулятары” з непрацуючага завода пад відам “поўфабрыкатаў”, абвінаваціць экаактывіста Паўла Кінчака ў абразе паводле арт. 9.3 КаАП.

Сам “абражаны” на суд, прызначаны на 11 чэрвеня, не з’явіўся. Адказчыка таксама не было. Суддзя суда Брэсцкага раёна Маручек С.М. заслухаў сведкаў і прыйшоў да высновы “спыніць справу за адсутнасцю доказаў”.