Навіны
22.04.2020
Суддзя Семянчук выканаў загад
 
Прысутныя на судзе над экаактывістам Зміцерам Бекалюком неабыякавыя берасцейцы, прадстаўнікі СМІ і праваабаронцы на ўласныя вочы пераканалісь, што незалежнага суда ў Беларусі не існуе, а міліцыя сваволіць, бо не валодае падставамі заканадаўства і хлусіць.
 


У чорнай масцы сведка Хвесюк Андрэй Вітальевіч

Перад судом экаактывіст намагаўся даведацца ў міліцыянтаў калі рэчы з сабой браць, бо быў гатовы да “пасадкі”, адразу ці потым. Міліцыянты, незразумела было канвой гэта або сведкі, натужна адмоўчвалісь. Таму Бекалюк пайшоў па рэчы.

У залу суда зайшоў суддзя Аляксандар Семянчук. Узрадаваўся, што няма Бекалюка: “Ад яўкі ўхіліўся, будзем разглядаць без яго...

З’яўляецца з торбамі прыцягваемый да адказнасці Зміцер Бекалюк. Адразу заяўляе хадайніцтвы, тых, хто прыйшоў з нім, суддзя не пусціў у залу суда, маўляў, такі парадак.

Некалькі разоў падчас судовага разбіральніцтва суддзя Аляксандар Семянчук адмовіў у задавальненні хадайніцтва выпатрабаваць відэаматэрыялы з рэгістратараў міліцыянтаў, якія затрымлівалі, пісалі рапарты і пратаколы, а таксама з “дэжуркі”, каб пацьвердзіць факт пазбаўлення права затрыманага на абарону. Бекалюк сцвярджаў, што яго не азнаёмілі правамі і адмовілі ў адвакаце.

Калі гэтыя факты знойдуць пацверджанне, то складзеныя рапарты і пратакол будуць недапушчальнымі доказамі, а сама справа павінна быць сапынена за адсутнасцю доказаў”, - кажа экаактывіст.

Сведкамі выступалі Хвесюк Андрэй Вітальевіч, старшы інспектар па забеспячэнні грамадзкага парадку Ленінскага РАЎС і вучастковы Войтка Георгій Аляксандравіч.

Зміцер Бекалюк апісаў момант затрымання: “Войтка забараніў фота-відэа-аўдыё запіс, на патрабаванне забяспечыць адваката адмовіў, наўмысна ўключыў гучна музыку. Калі я патрабаваў права на абарону, ён пагражаў прымяніць сілу. Ён пратакол не складаў, пісаў нехта іншы, Деніс Міхайлавіч, які не прадстаўляўся і намагаўся павышаць голас. Я патрабаваў адваката і патрабаваў, каб мяне апыталі. Мне адмовілі і напісалі, што ад тлумачэнняў адмовіўся.

Давайце пагладзім відэазапісы рэгістратараў і з “дэжуркі” і пабачым, хто кажа праўду...

Сведка Войтка: “Мы давялі яму правы. Апытвалі ў пакоі для допытаў у ІЧУ (суддзя здзівіўся). Паведамілі жонцы”.

Бекалюк чарговы раз патрабуе ад суддзі выпатрабаваць відэа з рэгістратараў, суддзя адмаўляе: “Абскардзіцье пастанову”.


 

Суддзя зачытвае матэрыялы справы: “Публічна выражаў незадаволенасць дзеючай уладай і акумулятарным заводам... Выказваўся праз гукаўзмацняльную апаратуру пры падтрымцы сабраўшыся грамадзян...”

З усіх хадайніцтваў было задаволена адно. Далучыць да матэрыялаў справы дакументы, што на ўтрыманні прыцягваемага да адказнасці ёсць непаўнагадовай дзіцё, якое мае хранічнае захворванне і патрабуе апекі, што ў жонкі таксама астма, а ён адзіны кармілец і апекун. Да таго мусіць апекавацца састарэлай маці, якая таксама не выходзіць з хаты праз слабы фізічнымі стан і хваробы...

На прыканцы “суда” Зміцер Бекалюк папросіў суд улічыць медычныя паказчыкі і людзей пад апекай, для якіх ён адзіная крыніца даходаў, і пакараць яго штрафам.

Я заўжды дзейнічаў паводле Закона, так і буду дзейнічаць, каб кожная сямя жыла ў здаровым навакольным асяроддзі. Час і месца вядомыя”, - завершыў свой выступ экаактывіст.

Суддзя Аляксандар Семянчук узяў пад ўвагу сямейныя і медычныя абставіны і агучыў рашэнне - 15 сутак з улікам ужо адседжанага.