Навіны
11.04.2020
Быў пакліканы Беларусьсю
 
Памёр Васіль Мацкевіч…
 

Фота Медиа-Полесье

Гадоў трыццаць назад я служыў у Пінскай вучэбцы разам зь ягоным бацькам, таксама Васілём. Той быў старшым мічманам, начальнікам кабінета ваенна-марской падрыхтоўкі, а я чытаў у тым кабінеце лекцыі. І тады я даведаўся ад Васіля Іванавіча, што ён скарыстаўся магчымасьцю вайскоўца, і вызваліў свайго сына ад вывучэньня ў школе беларускай мовы і літаратуры.

І вось – іронія лёсу. Васіль-малодшы вырас, і ачоліў у Пінску Таварыства Беларускай Мовы. Мы часта перасякаліся з Васілём на розных імпрэзах, якія ладзілі ў Пінску мастакі, літаратары, грамадскія арганізацыі. Ён заўжды рабіў уражаньне дабразычлівага і годнага чалавека, які спакойна, ўпэўнена робіць беларускую справу. На ўсю сваю сілу, наколькі можа. Як сябра і старшыня ТБМ, як журналіст, як практыкуючы вернік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Адным з апошніх журналісцкіх матэр’ялаў Васіля быў матэр’ял пра каранавірус, распаўсюд якога па Беларусі старанна маскіруецца ўладамі. І Васіль стаў у Пінску калі ня першым, дык адным з першых яго ахвяраў. Асірацеў яго сын, асірацелі бацькі…

Прыміце, дарагія, самыя шчырыя спачуваньні. Невымоўнае гора, непапраўная страта… Малюся, каб Госпад супакоіў душу Васіля ў месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, дзе зьзяе вечнае сьвятло Аблічча Гасподняга, і ўчыніў яму вечную памяць.

Павел Ляхновіч