Архіў навінаў
31.12.2013 Грамадства
Баранавічы: пікет супраць размяшчэння расійскай авіябазы забаронены

 
Грамадская актывістка Анжаліка Камбалава 28 снежня атрымала заказны ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што ўлада не дае згоды на правядзенне пікета 30 снежня супраць размяшчэння расійскай авіябазы ў Баранавічах. Чыноўнік лічыць, што заяўніца парушыла п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” і не заключыла дамовы з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, паліклінікай і міліцыяй.

 
– У заяве я напісала, што паколькі ў пікеце прыме ўдзел ўсяго 1 чалавек, то абавязкі па забеспячэнні грамадскага парадку падчас мерапрыемства, прыборкі тэрыторыі пасля пікету бяру на сябе. Таксама я паведаміла, што буду мець медычную аптэчку для аказання першай медыцынскай дапамогі. Але гарвыканкам, магчыма, палічыў такі падыход да справы парушэннем свайго рашэння. Чыноўнікі ад нас патрабуюць, каб мы, замест стваральнай і карыснай працы для людзей займаліся марнаваннем часу, – адзначыла Анжаліка Камбалава.

 
Нагадаем, што 8 снежня бягучага года з аэрадрома Бесавец з-пад Петразаводска ў Баранавічы перабазіравалася авіяцыйнае звяно ў колькасці 4-х знішчальнікаў Су-27П і 2 ваенна-транспартных самалёта з інжынерна-тэхнічным складам і неабходным абсталяваннем.

 
http://spring96.org