Архіў навінаў
30.12.2013 Палітыка
Уладзімір Вялічкін: Парушаецца прынцып справядлівасці выбараў
 
 
Доўгатэрміновы назіральнік па Берасцейскай вобласці Уладзімір Вялічкін пасля фармавання Берасцейскай гарадской камісіі зрабіў выснову, што парушаны прынцып справядлівасці выбараў:
 
- У выніку фармавання гэтых камісій я ўбачыў адно: туды патрапілі людзі пад выглядам збору подпісаў, пад выглядам прадстаўніцтва нейкіх грамадскіх аб’яднанняў, якія ўсё ж такі працуюць у сістэме ўлады. Старшыня камсіі - спадар Панасюк - першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця , намеснік старшыні – спадарыня Матысік, якая ўзначальвае аддзел арганізацыйна-кадравай працы ў гарвыканкаме.
 
Па словах Вялічкіна, ніхто з апазіцыянераў у камісію не трапіў. Праца камісіі ў такім складзе цалкам будзе падпарадкаваная выканаўчай уладзе. У выніку гэтых выбараў можна на 100 адсоткаў прагназаваць, што дэпутаты будуць, як заўсёды, прызначаныя ўладай.
 
* * *
 
У Берасцейскую гарадскую выбарчую камісію не ўвайшоў ніводны прадстаўнік палітычных партый дэмакратычнага кірунку. Усяго ў Савет і выканкам паступіла дваццаць пратаколаў пра вылучэнне ў склад тэрытарыяльнай камісіі, з якіх пяць ад грамадзянаў, чатыры ад працоўных калектываў і адзінаццаць ад грамадскіх арганізацый і партый.
 
Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Ігар Маслоўскі лічыць, што склад камісіі - цалкам падкантрольны ўладам:
 
- Берасцейская гарадская выбарчая камісія фактычна "стэрыльная", бо ў яе складзе прадстаўнікі тых органаў, якія падкантрольныя дзяржаве. Гэта прадстаўнікі адукацыі, медыцыны, сацыяльнай сферы, камунальных службаў. Нявядома, што яны будуць рабіць у палітычным працэсе.
 
Як патлумачылі на паседжанні прадстаўнікі камісіі, адбор кандыдатаў у берасцейскую гарадскую тэрытарыяльную камісію ажыццяўляўся на падставе такіх крытэраў як “граматнасць і працаздольнасць”
 
http://www.racyja.com