Архіў навінаў

04.12.2007 Замест правоў чалавека – футбол!

На пярэдадні чарговай гадавіны прыняцьця Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека група праваабаронцаў прыняла рашэньне адзначыць гэтую важную дату з мэтай "Распаўсюджваньня Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека і садзейнічаньня усеагульнай павазе да яе і яе разуменьню" 23 лістапада ў Брэсцкі гарвыканкам было пададзена 2 заяўкі на правядзеньне пікетаў 9 сьнежня на вуліцы Леніна, 22, побач з фантанам, і на стадыёне "Лакаматыў".

4 сьнежня адзін з заяўнікоў, Юры Жыдовіч, атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама В. Хафізава: "Паведамляем, што 9 снежня 2007 году на стадыёне "Лакаматыў" адбудзецца ўрачыстае закрыцьцё футбольнага сезону сярод аматарскіх каманд г. Брэста па футболе з правядзеньнем фінальнага матчу кубку горада. У сувязі з гэтым, Вам адмоўлена ў правядзеньні згаданага мерапрыемства па заяўленаму адрасу" (Стадыён "Лакаматыў").

5 сьнежня другі заяўнік, Сяргей Вакуленка, таксама атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама В. Хафізава: "У адпаведнасьці з арт.5 Закону "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" і рашэньнем гарацкога выканаўчага камітэту ад 25.10.2006 г. № 1715 "Аб вызначэньні сталага месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў у г.Брэсьце" Вам адмоўлена ў правядзеньні згаданага мерапрыемства па пададзенаму адрасу".

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што адмовы ў правядзеньні пікету на стадыёне "Лакаматыў" надуманая і красамоўна чарговы раз дэманструюць сапраўдныя адносіны ўладаў да правоў чалавека ў Беларусі:

"Стадыён "Лакаматыў" рашэньнем гарацкога выканаўчага камітэту ад 25.10.2006 г. № 1715 вызначаны месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў, і правядзеньне двух урачыстых мерапрыемстваў толькі б дапоўніла адно другое і прыцягнула большую ўвагу грамадзтва. Але улады гэтага пазьбягаюць. Сваімі дзеяньнямі яны парушаюць "правы асобных ліц, груп грамадзян і органаў грамадзтва спрыяць і бараніць агульнапрынятыя правы чалавека і падставовыя свабоды".