Навіны
11.02.2020
Рэчавыя доказы пераследу грамадзкай супольнасці суддзям не схаваць
 
Артыкул 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прызнае права на мірныя сходы: “ Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў”. Тое сама гарантуе артыкул 35 Канстытуцыі Беларусі.
 
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін​
 

26 снежня грамадзкі актывіст Канстанцін Астапук абскардзіў пастанову суддзі суда Брэсцкага раёна Маручека С.М. ад 14 кастрычніка, які пакараў яго паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП штрафам на суму 765 рублёў.

Нагадаем, 15 жніўня на наступны дзень пасля збіцця побач з прахадноў завода АКБ экаактывісткі Марыі Галалюк перад заводам сабралася група людзей, якія прыбылі каб сваёй прысутнасцю выказаць падтрымку пацярпелай. Канстанцін павітаў аднаго са знаёмых словамі “Не заводу АКБ!” Гэта трапіла на камеры відэаназірання. Вынікам стала пакаранене за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Скаргу разглядаў суддзя Брэсцкага абласнога суда Лешчанка Андрэй Леанідавіч.

Ён уважліва выслухаў довады экаактывіста, затое не ўсім дазволіў прысутнічаць на пасяджэнні “адкрытага” суда, маўляў: "Спазніўшыхся ў залу не дапускаем". На думку выдаленага правабаронцы Уладзіміра Вялічкіна суддзя парушыў артыкул 114 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права прысутнічаць на адкрытых пасяджэннях судоў. У сувязі з чым праваабаронца пакінуў запіс у кнізе “Заўваг і прапаноў”.

Неўзабаве Уладзімір Вялічкін атрымаў адказна свой зварот за подпісам першага намесніка старшыні Брэсцкага абласнога суда Саўчука Уладзіміра Уладзіміравіча, падрыхтаваны некім Белюсь: “..., паводле гугазапісу працэсу на 24-ай хвіліне судовага пасяджэння Вы выказалі жаданне ўвайсці ў залу судовага пасяджэння, у чым Вам было адмоўлена суддзёй.

У адпаведнасці з п.15 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь “Аб забеспячэнні права на судовую абарону і культуры судовай дзейнасці” №9 ад 22.12.2016 у судовым пасяджэнні суддзям варта прымаць меры да таго, каб усе ўдзельнікі працэсу дзейнічалі ў рамках этычных нормаў і правілаў паводзін, і сваечасова перарываць парушэнні парадку ў судовым пасяджэнні. Дадзенае патрабаванне мае на ўвазе ў тым ліку неабходнасць забеспячэння суддзямі безумоўнага выканання нормаў працэсуальнага заканадаўства, якія вызначаюць правілы судовага этыкету, і патрабаванні іх выканання як ад удзельнікаў судовага пасяджэння, так і іншых асоб.
Вы, не будучы ўдзельнікам працэсу, у сувязі з чым суддзя вымушаны быў перапыніць тлумачэнні асобы, у дачыненні да якоў вёўся адміністратыўны працэс. Прі гэтым суддзя Лешчанка А.Л. абгрунтавана Вам растлумачыў, што спазнелыя грамадзяне ў залу не дапускаюцца, пасля чаго ён ветліва папрасіў Вас пакінуць залу судовага пасяджэння.
Такім чынам, дзеянні суддзі Брэсцкага абласнога суда Лешчанка А.Л. былі накіраваны на захаванне парадку ў судовым пасяджэнні пры разглядзе справы і не могуць быць расцэненыя як парушэнне прынцыпу адкрытасці судовага пасяджэння…

Напрыканцы свайго адказу суддзя Уладзімір Саўчук параіў мне звярнуцца ў Вярхоўны суд, калі я не згодны з адказам.

Мне не цікава туды звяртацца, бо мэта “парады” – паскардзіўся, “выпусціў пару”, адмовілі –расчараваўся, зажурыўся, заплакаў і адчуў безнадзейнасць потугаў.

Затое я не бачу твараў суддзяў ні на сайце Вярхоўнага суда ні ў публічнай прасторы. Мабыць хаваюць твары, каб не пазнавалі на вуліцы і не паказвалі пальцам - “Вунь той неабыякавага берасцейца пакараў, за удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, за тое, што змагаўся з акумулятарным заводам, за тое, што абараніў здароў’е нашых дзяцей, заступіўся за жанчыну…”

На 24 хвіліне я ціхонечка зайшоў у залу суда і ціхонечка сеў побач з уваходам. Я не парушаў “этычных нормаў і правілаў паводзін”.

Каб суддзя Леанід Лешчанка не ўстрэпянуўся, ніхто б на гуказапісу не пачуў, што я зайшоў у залу. Мяркую, суддзі, не толькі Леанід Лешчанка, вельмі балюча ўспрымаюць з’яўленне праваабаронцаў, журналістаў і блогераў у зале суда, бо аб судовым пераследзе грамадзкіх актывістаў робіцца вядома не толькі беларускаму грамадству, але і ўсёй міжнароднай супольнасці.

Можна выдаляць праваабаронцаў з залы суда, хаваць твары ад публічнасці, але рэчавыя доказы пераследу грамадзкай супольнасці суддзям не схаваць, яны застануцца ў выглядзе пастаноў, рашэнняў і выракаў за ўласнаручнымі подпісамі суддзяў…

Apropos Леанід Лешчанка - прафесіяналам няма чаго хаваць, яны працуюць адпаведна закона і сумлення і не звяртаюць увагі на рыпенне дзвярэй і перасоўванне ценяў...