Архіў навінаў
26.12.2019
26 снежня - судны дзень для берасцейскіх актывістаў
 
Адразу па Калядах Брэсцкі абласны суд разгледзеў скаргі на пастановы судоў першай інстанцыі трох берасцейскіх актывістаў. Усе тры тычыліся ўдзелу актывістаў у выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў.

Андрэй Шарэнда абскардзіў пастанову суддзі суда Ленінскага раёна г Брэста Святаслава Каліны, які 6 лістапада пакараў актывіста “Эўрапейскай Беларусі” Андрэя Шарэнду паводле ч.3 арт 23.34 і арт. 24.6 КаАП 50 базавымі штрафа на суму 1275 рублёў.

З пастановай Андрэй Шарэнда не згодны, бо лічыць, што ягоныя дзеянні неправілна кваліфікаваны супрацоўнікамі міліцыі і судом. У дзень вменяемага правапарушэння ён, як давераная асоба кандыдата, ўдзельнічаў у агітацыйным пікеце паводле выбарчага заканадаўства, а не ў “несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Паклёп і абразы не даказаныя, крытыка дзеючай улады падчас выбараў - гэта нармальна… Позву належным чынам яму не ўручалі… Прасіў суд за адсутнасцю складу правапарушэння адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна і спыніць вытворчасць па справе.

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Альбертаўна Сенько, у адсутнасць апелянта, на адным уздыху агучыла матэрыялы справы і абвесціла: “Пастанову суда Ленінскага раёна г.Брэста пакінуць без зменаў, а скаргу без задаввальнення.

***

Паліна Шарэнда-Панасюк абскардзіла пастанову суддзі суда Ленінскага раёна г.Брэста Семянчука А.А. ад 13 лістапада, які пакараў актывістку “Эўрапейскай Беларусі” паводле ч.3 арт. 23.34 і арт 9.10 КаАП штрафам у 40 і 10 базавых адзінак на суму 1275 рублёў.

З пастановай Паліна Шарэнда-Панасюк не пагаджаецца, бо лічыць, што яе дзеянні неправілна кваліфікаваны супрацоўнікамі міліцыі і судом. У дзень вменяемага правапарушэння яна, будучы кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў, праводзіла агітацыйны пікеце паводле выбарчага заканадаўства, а не ўдзельнічала ў “несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Паклёп і абразы не даказаныя, крытыка дзеючай улады падчас выбараў - гэта нармальна… Вынесенае пакаранне абмяжоўвае яе канстытуцыйнае права на свабоду думкі і выказвання… Прасіла суд адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна і спыніць вытворчасць па справе за адсутнасцю складу правапарушэння.

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Беразюк Сяргей Аляксандравіч, у адсутнасць апелянта, за некалькі хвілін пастанавіў аднавіць тэрмін падачы скаргі, агучыў матэрыялы справы і абвесціў: “Пастанову суда Ленінскага раёна г.Брэста пакінуць без зменаў, а скаргу без задаввальнення”.

***

Канстанцін Астапук абскардзіў пастанову суддзі суда Брэсцкага раёна Маручека С.М. ад 14 кастрычніка, які пакараў экаактывіста паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП штрафам у 30 базавых адзінак на суму 765 рублёў.

Нагадаем, 15 жніўня на наступны дзень пасля збіцця побач з прахадноў завода АКБ экаактывісткі Марыі Галалюк перад заводам сабралася група людзей, якія прыбылі каб сваёй прысутнасцю выказаць падтрымку пацярпелай. Канстанцін павітаў аднаго са знаёмых словамі “Не заводу АКБ!” Гэта трапіла на камеры відэаназірання. Вынікам стала пакаранене за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Лешчанка Андрэй Леанідавіч хоць уважліва выслухаў довады экаактывіста, затое не ўсім дазволіў прысутнічаць на пасяджэнні “адкрытага” суда, маўляў: "Спазніўшыхся ў залу не дапускаем". На думку выдаленага правабаронцы Уладзіміра Вялічкіна суддзя парушыў артыкул 114 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права прысутнічаць на адкрытых пасяджэннях судоў.

Па заканчэнні разгляду скаргі суддзя пакінуў пастанову суда Брэсцкага раёна без зменаў, а скаргу без задаввальнення.