Архіў навінаў
04.01.2013 Грамадства
«Палітыкі „не заўважаць“ прапанову Барадача»

Як можна ацаніць прапановы, якія выклаў Уладзімер Барадач на сайце «Беларускі партызан»? Ці ўспрымуць іх станоўча лідэры апазыцыйных партыяў і арганізацыяў, ці рэалістычны плян дзеяньняў, прапанаваны Барадачом? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.
 
Цыганкоў: «На фоне адсутнасьці вялікіх навінаў артыкул Уладзімера Барадача троху ўскалыхнуў палітычную супольнасьць. Як бы вы ацанілі прапановы Барадача, найперш — абраць праз інтэрнэт Раду з 11 чалавек, якая будзе выпрацоўваць стратэгію і адказваць за рашэньні ўсёй апазыцыйнай супольнасьці?»
 
Быкоўскі: «Я не зусім разумею, якую ролю будзе мець абраньне нейкіх людзей у нейкі орган. Для расейскай апазыцыі гэта было зразумелым крокам: яны казалі, што не давяраюць падліку на выбарах і таму абіраюцца і паказваюць, што за імі стаяць рэальныя людзі.
 
Вось спадар Барадач кажа, што дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія засталіся вернымі Канстытуцыі, будуць аўтаматычна запісаныя ў гэтую Раду. Ён таксама ўзгадвае былога сьпікера Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, і я, шчыра кажучы, ня ведаю, ці гатовы хто-небудзь зь сёньняшніх палітыкаў прызнаць старшынства Шарэцкага».
 
Цыганкоў: «Проста спадар Барадач непакоіцца пра легітымнасьць і пераемнасьць?»
 
Быкоўскі: «Так. Але калі браць чысты мэтад — абраньне пэўных людзей, атрыманьне паўнамоцтваў аднымі людзьмі ад іншых — то такі мэтад таксама патрабуе легітымных крокаў. Аднак спадар Барадач прапануе вельмі радыкальнае дзеяньне, якое наўрад ці падтрымаюць усе тыя, каго ён назваў. Бо ён сьцьвярджае, што адбыўся дзяржаўны пераварот і трэба вярнуцца ў сытуацыю да перавароту».
 
Цыганкоў: «Як асноўныя апазыцыйныя палітыкі могуць паставіцца да прапановаў Барадача?»
 
Быкоўскі: «Мне падаецца, што большасьць палітыкаў зробіць выгляд, што нічога ня чулі і ня бачылі. Калі ім ня будуць назаляць пытаньнямі „Як вы да гэтага ставіцеся?“, то ім удасца прамаўчаць. Бо прасьцей праігнараваць гэтую ініцыятыву. Калі крытыкаваць, то гэта будзе гучны рэзананс у інтэрнэце. Калі прамаўчаць, то тады гэтая ініцыятыва ня будзе заўважаная.
 
Наўрад ці атрымаецца і „супольна працаваць“, як гэта прапануе Барадач. Мала хто пагодзіцца, бо спадар Барадач заявіў, што ўсе сёньняшнія палітычныя сілы — гэта „бронекамізэлька“ Лукашэнкі, абслугоўваюць яго — і пасьля такіх заяваў прапаноўвае супрацоўнічаць. Відавочна, што падобныя прамовы вельмі рэдка вядуць да стварэньня адной каманды».
 
www.svaboda.org/content/transcript/24815309.html">http://www.svaboda.org