Архіў навінаў
28.12.2012 Палітыка
Інфармацыя пра змяшчэнне Алеся Бяляцкага ў ШІЗА не пацвердзілася

Па звестках Уладзіміра Лабковіча, сябра рады праваабарончага цэнтра "Вясна", кіраўнік гэтай арганізацыі, палітзняволены Алесь Бяляцкі працягвае знаходзіцца ў бабруйскай калоніі №2. Раней з'явілася інфармацыя пра тое, што Бяляцкага з калоніі вывезлі, бо некаторыя лісты вярнуліся са штэмпелем "адрасат адсутнічае", якія раней былі дасланыя Бяляцкаму.
 
Адміністрацыя калоніі абвяргае інфармацыю пра перавод Бяляцкага, але падрабязнасцяў не раскрывае, - кажа праваабаронца Уладзімір Лабковіч:
 
- Мы маем сітуацыю з нейкай выпадковай памылкай у дачыненні да Алеся Бяляцкага, бо па той інфармацыі, якая была праверана ў афіцыйных крыніцах, ён знаходзіцца ў калоніі і не пераведзены ў ШІЗА. Але гэта ўсё кажа пра тую закрытасць усёй нашай пенітэнцыярнай сістэмы, якая ёсць - гэта сістэма сама ў сабе, яна не падкантрольная грамадству.
 
Таму ў сітуацыі з Бяляцкім трэба быць пільным і прыкладаць намаганні не толькі да таго, каб даведацца праўду пра яго становішча, але і дамагацца яго вызвалення.
 
Алесь Бяляцкі асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў зняволення з канфіскацыяй маёмасці па артыкуле аб утойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Аднак ён віны не прызнаў, засведчыўшы суду, што сродкі, якія следства выдала за яго асабістыя, яму не належалі, а накіроўваліся на праваабарончую дзейнасць і падтрымку рэпрэсаваных.
 
Падчас знаходжання ў бабруйскай калоніі на праваабаронцу было накладзена 7 спагнанняў. Ён лічыцца злосным парушальнікам рэжыму, што значна абмяжоўвае яго правы.
 
Беларускае Радыё Рацыя, Мінск
 
* * *
 
Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў папраўчай калоніі – такую інфармацыю атрымала жонка зняволенага лідара праваабарончага цэнтра “Вясна” Наталля Пінчук. Сайт “Беларускі партызан” падаў інфармацыю, што Бяляцкага маглі вывезці з Бабруйскай калоніі ў невядомым кірунку. Сайт спасылаецца на Святлану Мацкевіч, якая 22 снежня накіравала ў калонію ліст з віншаваннямі, аднак учора атрымала адказ, што асуджанага Бяляцкага ў калоніі няма.
 
Паводле Наталлі Пінчук, па тэлефоне ў калоніі ёй сказалі, што Бяляцкі знаходзіцца ў іх:
 
- Я тэлефанавала ў спецаддзел калоніі. Мне адказалі, што Алесь знаходзіцца ў калоніі. Калі я папрасіла ўдакладніць, дзе ён – на працы ці ў штрафным ізалятары, то ўдакладняць мне не сталі, адмовіліся.
 
Таццяна Равяка з праваабарончага цэнтра “Вясна” кажа, што цяпер высвятляюцца ўсе акалічнасці ў гэтай справе, каб даць інфармацыю адносна таго, дзе дакладна знаходзіцца Алесь Бяляцкі:
 
- У бліжэйшы час інфармацыя павінна быць пацверджана, дзе ён знаходзіцца. Мы самі зараз у чаканні. Канешне, такая інфармацыя напалохала нас. Гэта вельмі дзіўна, тым больш што я сама атрымала ліст ад Алеся Бяляцкага, праўда датаваны 14 снежня, у якім няма ніякіх звестак пра тое, што нешта рыхтуецца, пра перавод ці нешта іншае.
 
Алесь Бяляцкі адбывае тэрмін зняволення ў 4,5 гады ў Бабруйскай калоніі №2. Праваабаронцу абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў у буйным памеры ў той час, як усе сродкі з замежных рахункаў Бяляцкага прызначаліся на праваабарончую дзейнасць.
 
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
 
* * *
 
Палітычнага зняволенага Алеся Бяляцкага маглі вывезці з Бабруйскай калоніі ў невядомым кірунку. Як піша сайт “Беларускі партызан”, сваякам і калегам зняволенага лідара праваабарочнага цэнтра “Вясна” нічога невядома пра тое, куды і чаму ён пераведзены.
 
Пра знікненне Бяляцкага става вядома выпадкова. Святлана Мацкевіч накіравала 22 снежня ў калонію ліст з віншаваннямі, аднак учора атрымала адказ, што асуджанага Бяляцкага ў калоніі няма.
 
racyja.eu/index.php?id=104&zoom=8208">http://racyja.eu