Архіў навінаў
28.12.2012 Грамадства
Старшыня Драгічынскага райвыканкама набывае аўто за $47 тысяч

Каб сабраць такую суму, жыхару раёна трэба адкладаць зарплату да 2025 года.
 
Драгічынскі райвыканкам вырашыў абнавіць свой парк. «Для службовых паездак» кіраўніцтву раёна патрэбнае прадстаўнічае аўто за $47 тысяч.
 
Адметна, што
старшыня райвыканкама Юрый Дзядзюк на сваёй пасадзе працуе трохі больш за месяц.
 
Ягонага папярэдніка Васіля Хваціка перавялі ў Баранавіцкі раён.
 
Hyundai Santa Fe Comfort 4WD — выбар сур'ёзных людзей.
 
 
 
 
На сайце дзяржаўных закупак з’явілася прапанова, дзейсная да 10 студзеня 2013 года.
Чыноўнікі хочуць набыць аўтамабіль Hyundai Santa Fe Comfort 4WD трэцяга пакалення ці аналаг. Пачатковы кошт — 400 мільёнаў рублёў ($47 тысяч). Крыніца фінансавання — раённы бюджэт.
 
 
Патрабаванні да камплектацыі расцягнуліся на дзве старонкі. Стырно і рычаг каробкі перадач мусяць быць абцягнуты скурай, а цэнтральны падлакотнік абавязкова быць з ахалоджвальным адсекам.
Трэба прадугледзець электрычна зацямняльнае люстэрка задняга віду з компасам (!), лямпа для чытання мапаў, і «футарал для акуляраў у столевай кансолі».
 
Чыноўнікі хочуць цёмна-шэра ці чорны аўтамабіль з чорным салонам.
 
Дакумент падпісаны заўгаспам раёна Аляксандрам Тынковічам.
 
Паводле афіцыйнай статыстыкі,
Драгічынскі раён — адзін з самых бедных на Брэстчыне. Па ўзроўні заробкаў ён займае 13-е месца з 16 раёнаў.
 
Горш толькі ў Століне, Маларыце і Ганцавічах. Сярэдні заробак у Драгічынскім раёне за студзень-кастрычнік 2012 года склаў 2 675 700 рублёў.
Каб сабраць патрэбныя 400 мільёнаў рублёў, работніку з сярэдняй зарплатай давялося б адкладаць грошы да 2025 года, пры гэтым нічога не купляючы.
 
 
Цяпер некалькі словаў пра Hyundai Santa Fe Comfort 4WD. Патрабаванням Юрыя Дзядюка часткова адпавядаюць мадэлі Comfort ці Style. Яны ў залежнасці ад камплектацыі каштуе ў дылера $42 900-$48 500. Гэта паўнапрывадны 5-7-мясцовы ўніверсал. Рухавік бензінавай мадэлі — 2,4 л.
Да 100 км/г старшыня райвыканкама зможа разганяцца за 11,4 секунды. А максімальная хуткасць аўтамабіля — 190 км/г.
 
У продаж аўтамабіль паступіў некалькі месяцаў таму.
 
Hyundai — марка з недарагіх. Але старшыня райвыканкама мог бы падабраць сабе ўседарожнік і яшчэ таннейшы: прынамсі, на 5—10 тысяч даляраў, ды без прыбамбасаў.
 
nn.by/?c=ar&i=102396">http://nn.by