Навіны
05.10.2019
Суд не знайшоў падстаў для задавальнення скаргі аб неўключэнні ў склад УВК
 
Старшыня Брэсцкай гарацкой арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы Сьвет” Людміла Мікалаеўна Дзенісенка абскардзіла сваё неўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі № 16 Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 2 у судзе Маскоўскага раёна г. Брэста.
 

Нагадаем, што 2 кастрычніка адбылося пасяджэнне адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Брэста на якім быў ухвалены склад участковых выбарчых камісій (УВК) гэтай адміністратыўнай адзінкі.

Толькі адзін вылучэнец з 47 прэтэндэнтаў у члены камісій, вылучаных апазыцыйнымі партыямі, патрапіў у склад амаль сотні вучасткаў з амаль паўтара тысячамі вакансій. Між іншымі было адмоўлена і Людміле Мікалаеўне Дзенісенка праз, як патлумачыў прадстаўнік “рабочай групы”, які прызначаў на членства, “адсутнасць інфармацыі аб досведзе працы ў выбарчых камісіях”.

4 кастрычніка старшыня Брэсцкай гарацкой арганізацыі БПЛ “Справядлівы Сьвет” Людміла Дзенісенка патлумачыла суду, што ёй незаконна адмовілі ва ўключэнні ў склад УВК-16, прасіла суд змяніць рашэнне адміністрацыі і ўключыць яе ў склад выбарчай камісіі. У сваім выступе яна згадала што ўваходзіла ў мінулыя выбары ў парламент членам як участковай, так і акруговай камісій і фармулёўка агучаная на пасяджэнні адміністрацыі “адсутнасць інфармацыі аб досведзе працы ў выбарчых камісіях” – недарэчная.

У судзе адміністрацыю прадстаўляла Таццяна Сяргееўна Клачкова, загадчыца аддзела арганізацыйна –кадравай працы, яна ж ўваходзіла ў склад “працоўнай групы”.


“Вы не цікавілісь маім досведам!” – сказала Людзміла Дзенісенка прадстаўніцы адміністрацыі ў судзе


Таццяна Клачкова запярэчыла: “Я звярталась па інфармацыю ў Савет Ветэранаў і ў Маскоўскую адміністрацыю...”

“Але я не ўваходжу ў Савет Вэтэранаў і жыву ў Ленінскім раёне!” - не хавае свайго абурэння член апазыцыйнай партыі Людміла Дзенісенка.

Суд заслухаў бакі, не знайшоў падстаў для задавальнення скаргі і пакінуў яе без задавальнення.

У пастанове суда ёсць такія словы: “...Суд не мае права абмяркоўваць пытанні звязаныя з наданнем большай вартасці аднаго кандыдата ў складзе ўчастковай выбарчай камісіі перад другім, бо гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю суда...” Гэтае права ўгрувасціў на сябе між іншымі глава адміністрацыі. Сведка Сяргей Вакуленка, які быў на пасяджэнні адміністрацыі 2 кастрычніка, пасля суда расказваў: “Я звярнуўся да старшынствуючага, да главы адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Вячаслава Дашкевіча, з пытаннем, чаму не ўключаюць прадстаўнікоў апазыцыі. А той заявіў:

Будзеце сядзець на маім месцы – тады і ўключыце...”