Навіны
29.07.2019
Наколькі важна тэма злачынстваў НКВД для жыхароў Берасця?
 
У апошнюю нядзелю ліпеня Берасце накведаў вядомы журналіст Марат Гаравы. У будынку тыднёвіка “Брэсцкі кур’ер” ён прэзентаваў сваю апошнюю дакументальную працу “НКВД забіваў у Курапатах”.
 

Візіт Марата Гаравога ў Берасце з тэмай злачынстваў НКВД для жыхароў Берасця была і застаецца надзвычай актуальнай.

Берасцейцы ведаюць, што 17 студзеня 2019 ў цэнтры Берасця пры пабудове элітнага жылля, так званы Прыбужскі квартал, было выяўлена масавае пахаванне людзей. Шмат костак і чэрапаў с дзіркамі. Яны ляжалі пластамі. Мабыць спачатку расстрэльвалі адну партыю берасцейцаў, якія падалі ў выкапаную яму, потым стралялі наступную партыю. Потым яшчэ і яшчэ...

Усяго з адной ямы жаўнеры 52-га пошукавага батальёна дасталі парэшткі 1214 вязняў берасцейскага гета. А былі яшчэ ямы ў гэтым сама гета, пра якія ня любяць згадваць берасцейскія ўлады, але карэнныя жыхары памятаюць.

Знойдзеныя парэшткі перапахавалі за парудзесяткаў кіламетраў на Паўночных могілках у Матыкалах. Я лічу, выкінулі падалей з вачэй не карысць элітнага жытла на месцы растрэльнай ямы, каб не тубавала пакой і сумленне тутэйшых і будучых уладальнікаў элітных кватэр.

Па звесткам з розных крыніц на 1939 год у Берасці было 56 тысячаў насельніцтва. 17 тыс. растралялі ў 1942 годзе на Броннай Гары, 5-6 тыс. у самім Берасці, а па вызваленні ў 1944 у Берасці засталося 13 тыс. з улікам уцекачоў. Зараз у Берасці пражывае 350 тыс. Афіцыйна лічыцца, што з Брэсцкага гета ўратавалася 19 чалавек.

Аб забітых берасцейцах нагадваюць надпісы на мурах старых будынкаў. Надпісы на польскай мове, на ідыш…

З 1939-га павялось дзеляць берасцейцаў па нацыянальнай прыкмеце – той “паляк”, той “габрэй”, той “хахол”… Мы ўсе берасцейцы! Нашчадкі савецкай ідэалогіі гэтага не разумеюць.

Габрэяў растралялі немцы, палякаў “вычысціла” НКВД. Тутэйшыя згадваюць розныя месцы растрэлаў і пахаванняў “палітычных” - Лысую Гору, тэрыторыі фартоў Брэсцкай крэпасці… Доступу да адпаведных дакумантаў у краязнаўцаў няма, ёсць успаміны бацькоў, бабушак і дзядоў.

Куды падзеліся яшчэ 20 тысячаў? Куды падзеліся яшчэ 20 000 берасцейцаў, якія зніклі з 1939 па 1944г.г.? Мо яны зніклі раней з 1939 па 1941г.г.? Берасцейцы ведаюць за гэтыя 2 гады праз Берасце пракацілася 4 хвалі дэпартацыяў. Многіх берасцейцаў турбуе пытанне куды зніклі людзі, хто вінават?

У Берасці шмат галубоў. Маю ўражанне, што гэта не галубы, а душы бязвінна забітых берасцейцаў, бо раней галубятні былі амаль у кожным двары. Людзей не стала. Пустуючае жытло занялі прыезжыя, карэнных жыхароў выцеснілі з цэнтра горада.

Дзякуючы кармленню галубоў на плошчы Леніна, у змаганні за чыстае навакольнае асяроддзе, берасцейцы ўсведамілі, што яны адказныя за лёс горада, краіны і будучыню сваіх дзяцей… Праз экалогію пашырыўся кругагляд, павялічылась цікаўнасць да гісторыі горада…

Марат Гаравы ўзняў праблему Курапатаў, там таксама забівалі берасцейцаў. Я перакананы, што без пакаяння чырвона-брунатных эвалючыйнае развіцце праблематычнае. Злачынствы рэжымаў трэба раскрываць, каб яны не паўтараліся. У Берасці ж улады намагаюцца за злачынствамі фашыстаў схаваць злачынствы НКВД. Пра Берасейскае гета дазавана выдаюць інфармацыю, а пра супольны парад Чырвонага войска з Вермахтам і рэпрэсіі НКВД маўчаць.

Але берасцейцы памятаюць і хочуць ведаць праўду.

Уладзімір Вялічкін