Навіны
06.06.2019
У Сусветны дзень навакольнага асяроддзя хачу нагадаць беларусам што лёс іх дзяцей і ўнукаў залежыць ад іх грамадзянскай пазыцыі
 
Сёння, у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, мяне запыталі “Чаму гэты дзень у праваабарончым календары ледзь не самы важны ў Беларусі і чаму з кожным годам робіцца ўсё больш актуальным. Чаму кожнаму трэба абараняць экалагічныя правы?”
 


Праваабаронца Уладзімір Вялічкін

Адказваю: “Кожны чалавек мае права на чыстае навакольнае асяроддзе, права адкрыта выказваць свае думкі, права на мірны сход. Абавязак дзяржавы забяспечыць рэалізацыю правоў грамадзян гарантаваных Канстытуцыяй.

Амаль паўтары гады берасцейцы змагаюцца за сваё канстытуцыйнае права жыць у здаровым акаляючым асяроддзі, супраць будовы і працы завода свінцова-кіслотных акумулятараў.

Было напісана каля сотні лістоў у сама розныя дзяржаўныя і грамадзкія органы і установы ў якіх абгрунтавана ўказвалась на пагрозы звязаныя з гэтым заводам і невыпраўнай шкодай. Каб прыцягнуць увагу берасцейскіх уладаў да праблемы людзі сабралі каля 40 тысяч подпісаў за спыненне будовы завода АКБ. Усе гэтыя інстанцыі бяздзейнічаюць.

Берасцейцы падалі каля 150 заяваў на правядзенне мірных мерапрыемстваў. Замест выслухаць грамадзян і стаць на абарону інтарэсаў амаль паўмільённага насельніцтва рэгіёна ўлады забаранілі іх правядзенне. Праз супрацьдзеянене ўладаў берасцейцы вымушана выйшлі на плошчу “карміць галубоў”, і сабралі каля 7 тысячаў подпісаў за адхіленне кіраўніцтва раёна, горада і вобласці “ў сувязі са стратай даверу”.

Улады распачалі буйнамасштабныя дзеянні супраць берасцейскіх экаактывістаў. Прафілактычныя гутаркі, прэвентыўныя затрыманні, адміністратыўныя арышты і штрафы. Адкідванне баепрыпасаў найбольш актыўным экаактывістам... Шэльмаванне нязгодных з будовай акумулятарнага завода з дапамогай антыблогераў. Адміністратыўны пераслед журналістаў-фрілансераў. Дайшло да крымінальнага пераследу берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.


Позвы для экаактывістаў і праваабаронцаў за ўдзел у мірных мерапрыемствах

Праз гвалтоўныя затрыманні і выкраданні экаактывістаў праваахоўнымі органамі “маўклівыя” мірныя пратэсты перайшлі да актыўнага агучвання патрабаванняў берасцейцаў ад “Не заводу АКБ!” да “Свабоду палітвязням!” з маршамі незадаволеных палітыкай берасцейскіх уладаў па вуліцах горада і сутычкамі з праваахоўнікамі.

Рэпрэсіі супраць грамадзян берасцейшчыны ажыццяўляюць мясцовыя ўлады з дапамогаў міліцыі і судоў.
 


Супрацоўнікі Ленінскага РАЎСг. Брэст запоўнілі залу суда, каб грамадзкасць і журналісты не змаглі прысутнічаць і асвятляць суд над блогерам Сяргеям Пятрухіным

Толькі ў гэтым годзе ад адміністратыўна пераследу пацярпела больш за 35 чалавек, некаторыя караліся неаднаразова. Экаактывісты правялі больш за 35 сутак за кратамі. Агульная сума штрафаў набліжаецца 35 000 рублёў.

Берасцейцы супраць таго, каб беларускія чыноўнікі за кошт здароў’я грамадзян і шкоды навакольнаму асяроддзю паляпшалі свой дабрабыт. Супраць таго, каб улады пераўтваралі краіну ў сусветы смярдзючы сметнік.

“Мы проста хочам ЖЫЦЬ! Жыць у квітнеючай краіне з чыстымі рэкамі-вазёрамі, лясамі і паветрам, каб нашыя дзеці і ўнукі маглі бегаць па роснай траве і спажывць чыстыя ягады і не хварэлі...”, - кажуць яны

і вось ужо паўтары гады нягледзяы на пераслед і залякванні намагаюцца моўчкі дакрычацца да уладаў...

Таму ў Сусветны дзень навакольнага асяроддзя хачу нагадаць беларусам што лёс іх дзяцей і ўнукаў залежыць ад іх грамадзянскай пазыцыі.

Каб нашыя дзеці і ўсе наступныя пакаленні жылі у чыстым навакольным асяроддзі і не хварэлі, трэба не быць абыякавымі і не шкадаваць часу і жыцця дзеля адстойвання правоў чалавека.