Архіў навінаў
09.01.2012 Грамадства
Ад Улада Кавалёва пачалі прыходзіць лісты

Толькі пасля таго, як маці прыгаворанага да найвышэйшай меры пакарання Уладзіслава Кавалёва пачала пісаць скаргі на адсутнасць лістоў ад сына, да яе пачалі даходзіць лісты. Апошні ліст, датаваны 30 снежня, яна атрымала на Каляды.

Любоў Кавалёва:

- Ён ведае і адчувае нашую падтрымку. Але ў сваіх лістах ён больш нас падтрымлівае. Цяпер яму хоць дазволілі пісаць, бо да 16 снежня ўвогуле ні аднаго ліста не было. Я стала пісаць скаргі. За гэты час мы атрымалі 4 лісты. Паведаміў, што з Новым годам павіншаваў нас і свайго сябра паштоўкамі, але мы іх не атрымалі. Улада і Дзмітрыя віншавалі дзяўчаты, пісалі ім словы падтрымкі, але паштоўкі ім так і не аддалі.

З 4 па 16 студзеня 2012 года вядзецца азнаямленне Уладзіслава Кавалёва і яго адваката Станіслава Абразея з пратаколам судовага паседжання па справе аб выбуху ў мінскім метро і іншых злачынных дзеяннях. Пасля азнаямлення яны змогуць напісаць канчатковую наглядную скаргу на прысуд.

Любоў Кавалёва:

- Па 16 студзеня ўключна Станіслаў Віктаравіч з Уладам азнаёмлiваюцца з пратаколамі. Я буду прасіць спаткання пасля 16-га. Я паеду 12-га, панясу заяву на спатканне, папрашу, каб мне далі 17-га, таму што ва Улада дзень нараджэння. Вельмі хочацца, каб яму хоць маленькае свята зрабіць, калі дадуць. На Улада паначаплялі ўсё гэта, знайшлі, як гаворыцца, казлоў адпушчэння і ўсё. Гэта маладыя людзі, зламаць іх прасцей было і навесіць усе гэтыя нераскрытыя злачынствы. Напэўна, ўрад і не зацікаўлены ў іх раскрыцці.

17 студзеня ва Уладзіслава Кавалёва дзень народзінаў. Любоў Кавалёва будзе прасіць на гэты дзень сустрэчы з сынам. Яна пераканана ў тым, што Улад не вінаваты ў здзяйсненні злачынства, за якое Вярхоўны суд прыгаварыў яго да найвышэйшага пакарання.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.

new.racyja.by/news/ad-ulada-kavaleva-pachali-prykhodzits-listy