Архіў навінаў
09.01.2012 Грамадства
Аўтуховіча могуць перавесці на турэмны рэжым утрымання

Палітвязня Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў калоніі, плануюць перавесці на турэмны рэжым утрымання. Пра гэта паведаміў адвакат Павел Сапелка.

Паводле яго слоў, на 17-га студзеня ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах прызначана судовае пасяджэнне. Як адзначае адвакат, у выпадку пераводу ў турму Аўтуховіч адбудзе там увесь тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны яму судом. Да таго ж у турме значна пагаршаюцца ўмовы ўтрымання вязняў:

- Пагаршаюцца ўмовы ўтрымання, памяншаецца колькасць перадачаў, колькасць сустрэч, у тым ліку выключаецца магчымасць доўгатэрміновых сустрэч з роднымі. Пытанне пераводу з калоніі ў турму вырашае суд, я меў досвед у справах такога кшталту. Суд прыязджае ў калонію, пасяджэнні часцей за ўсё адбываюцца ў калоніі. Рэальнай магчымасці падрыхтавацца да судовага пасяджэння ў асуджанага няма. Найчасцей суд падцвярджае меркаванне Адміністрацыі калоніі.

У траўні 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прысуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Аўтуховіча абвінавацілі ў перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Праваабаронцы лічаць Мікалая Аўтуховіча палітзняволеным і кажуць пра сур'ёзныя парушэнні ў часе суда.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.

new.racyja.by/news/autukhovicha-moguts-peravestsi-na-turemny-rezhym-utrymannya