Архіў навінаў
09.01.2012 Палітыка
На "Граніце" працягваюцца звальненні

На дзяржаўным прадпрыемстве па вытворчасьці будаўнічага шчэбеню "Граніт" у Мікашэвічах Лунінецкага раёна доўжыцца канфлікт адміністрацыі з навастворанай суполкай Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў.

Заявы на звальненне ўжо напісалі некаторыя чыноўнікі, у тым ліку намеснік генеральнага дырэктара па кадравай працы, начальнік аддзела працы і заробкаў, старшыня прафсаюзнага камітэту.


Раней «Свабода» паведаміла, што старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар запатрабаваў адстаўкі генеральнага дырэктара «Граніта» Сцяпана Тураўца.


Працаўнікі прадпрыемства «Граніт» паведамляюць, што пасля візіту Канстанціна Сумара не ўтрымаўся на сваёй пасадзе намеснік генеральнага дырэктара Анатоль Кустрэй:


«Адбылася размова паміж губернатарам і намеснікам генеральнага дырэктара. Па словах работнікаў, якія там прысутнічалі, старшыня аблвыканкама яму сказаў: што, маўляў, правалілі працу з людзмі? Сказаў, а намеснік генаральнага дырэктара адказаў, што, маўляў, ай, тут мне два месяцы да пансіі засталося. А губарнатар яму сказаў: навошта чакаць два месяцы. Маўляў, пішыце заяву і ідзіце адпачывайце…»


Пасля гэтага, кажа супрацоўнік «Граніта», Анатоль Кустрэй напісаў заяву і зняў шыльду са свайго кабінета. Ужо ў панядзелак, па словах суразмоўцы, Анатоля Кустрэя на працы не было. Як не было і генеральнага дырэктара Сцяпана Тураўца, які накіраваны пакуль у адпачынак на два месяцы.


Прадстаўнікі навастворанай суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве кажуць, што менавіта Анатоль Кустрэй кіраваў запалохваннем сябраў прафсаюзу. З ягонай падачы начальнікі структурных падрадзяленняў выклікалі рабочых на так званыя «прафілактычныя гутаркі»:


«Менавіта ён быў ініцыятарам здушэння незалежнага прафсаюзу гадоў 10-15 таму. Ну, і цяпер тое самае. Праца яго заключалася ў тым, каб арганізаваць прэсінг. Асабіста са мной ён таксама гутарыў паўтары гадзіны… Гутаркі такія былі ў індывідуальным парадку. І каманда была - праводзіць індывідуальныя гутаркі. Пад імі, натуральна, маецца на ўвазе псіхалагічны ціск…»


З-за гэтага ціску з боку ідэолага многія працоўныя адклікалі свае заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Як паведаміў незалежны прафсаюзны актывіст, цяпер з двухсот двух чалавек, што былі пакінулі прафсаюз ФПБ, не плацяць узносы ў гэты афіцыйны прафсаюз 127 чалавек. 75 чалавек пад ціскам адклікалі свае заявы аб выхадзе з прафсаюзу ФПБ.


Тым ня менш, кажа актывіст, многія працаўнікі будуць адразу ў двух прафсаюзах. Ён кажа, што лічба прыхільнікаў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве значна вышэйшая, чым 127 чалавек.


Тым часам кіраўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюзу працягвае дамагацца юрыдычнага адрасу для суполкі ў Мікашэвічах.


Кіраўнік прафсаюзу Мікалай Зімін з Салігорска кажа, што на выпадак, калі адрасу не дадуць, разглядаюцца і іншыя варыянты:


«Тут можа быць яшчэ варыянт іншы - шукаць юрадрас у іншага ўласніка. А другі выхад - гэта звяртацца ў суды і ў пракуратуру аб невыкананні раўнапраўя прафсаюзнай прыналежнасці. То бок павінен быць нейкі матываваны адказ пра тое, чаму не дадзены юрыдычны адрас»

belaruspartizan.org/bp-forte/?newsPage=0&backPage=13&news=117690&page=100&locale=be