Архіў навінаў
09.01.2012 Грамадства
Нашы Дарогі

Старая Беларусь пакінула нам толькі фрагменты сваёй велічы. Анонс новага фотапраекта фатографа НН Сяргея Гудзіліна аб беларускіх брукаванках.

Сотні гадоў брукаванкі ў гарадах і мястэчках лічыліся прыкметай заможнасці і дабрабыту.

Яны былі часткай культурнага і побытавага ландшафтаў. Пасля ўсіх магчымых катастрофаў часу яны засталіся толькі як прыкмета старасвеччыны, і то не паўсюль. У вялікіх гарадах іх закатвалі ў асфальт і там іх засталося адзінкі, лік ідзе на дзясяткі метраў. У мястэчках іх разбіралі на падмуркі дамоў, а тыя, што засталіся ў выміраючых вёсках, зарастаюць травой і сыходзяць у нябыт.

Але па іх яшчэ ходзяць людзі. Ці гэта нашчадкі продкаў, што выраблялі гэтыя дарогі? Ці гэта ўжо іншыя суб'екты зусім іншай культурнай фармацыі?

Менавіта гэта я і паспрабую зразумець, убачыць і зафіксаваць. Каб не забыцца і разабрацца на якіх дарогах жылі нашы продкі і куды ідуць нашы сучаснікі.

Просьба да чытачоў: калі вы ведаеце лакацыі, дзе захаваліся аўтэнтычныя брукаванкі, паведаміце праз каменты да гэтага артыкула іх знаходжанне.


Пазначаць лепш раён і вёску, мястэчка ці хутар, ля якога яна знаходзіцца.

Гэтым вы якасна паспрыяеце фотапраекту, які пабачыце ў новым 2012 годзе на старонках «Нашай Нівы».

nn.by/?c=ar&i=66305