Архіў навінаў
06.01.2012 Культура
Брэсцкі актывіст дамагаецца ад чыноўнікаў галоснасці ў справе лёсу гісторыка-культурных каштоўнасцяў

Суд Ленінскага раёна Брэста не задаволіў скаргу мясцовага каардынатара руху "За Свабоду" Дзяніса Турчаняка на дзеянні адказных асобаў гарвыканкаму, якія не жадаюць паведамляць пра рашэнні, што тычацца будынкаў, маючых гістарычна-культурную каштоўнасць.

У прыватнасці, Дзяніс Турчаняк спрабаваў давесці незаконнасць адказу намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкаму Вячаслава Хафізава, які адмовіўся паведаміць пра лёс будынка па вуліцы 17 верасня (гэтае збудаванне аднесена да гістарычнага цэнтра Брэста і ахоўваецца дзяржавай). Пры гэтым чыноўнік у пісьмовым адказе спаслаўся на тое, што Турчаняк мусіў растлумачыць, навошта яму патрэбна копія адпаведнага рашэння гарвыканкаму і якія законныя інтарэсы грамадзян гэтым рашэннем закранутыя. Сам актывіст кажа, што не можа даць такія тлумачэнні, бо не ведае зместу дакумента.

Між тым, на думку Дзяніса Турчаняка, у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, павінен выконвацца адзін з галоўных прынцыпаў мясцовага кіравання – прынцып галоснасці і ўліку грамадскай думкі шляхам пастаянага інфармавання грамадзян аб рашэннях, якія прымаюцца па пытаннях мясцовага значэння. Таму пасля адмовы раённага суду ў гэтай справе грамадскі актывіст мае намер абскарджваць гэтае рашэнне ў іншых судовых інстанцыях.

spring96.org/be/news/48811