Архіў навінаў
06.01.2012 Палітыка
Шэсць фактаў па справе Алеся Бяляцкага, пра якія не распавядае БТ і не пішуць у "Советской Белоруссии"

Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія распачалі шалёную кампанію дыфамацыі супраць вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, вельмі любяць распавядаць пра ягоную маёмасць. У сувязі з гэтым мы, калегі Алеся Бяляцкага, вырашылі агучыць рэальныя факты, якія замоўчваюцца ці скажаюцца штатнымі прапагандыстамі ў мэтах дыскрэдытацыі зняволенага праваабаронцы.

Адразу адзначым, што ўсе выкладзеныя факты падцвярджаюцца афіцыйнымі дакументамі, якія знаходзяцца ў матэрыялах крымінальнай справы А. Бяляцкага і былі агучаны падчас судовага паседжання.

Факт першы: Двухпакаёвая кватэра, у якой пражывае сям'я Алеся Бяляцкага, была набытая ў 1999 годзе ў выніку продажу двух аднапакаёвых кватэр, якія належалі сям'і Бяляцкіх (знаходзіліся на вул. Варанянскага ў г. Мінску). Варта адзначыць, што працуючы дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (з 1988 па 1998 год), Алесь Бяляцкі атрымаў адну з гэтых аднапакаёвых кватэр па ордэру Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, другая была набыта ў пачатку 90-х гадоў -- у гэтыя часы Алесь актыўна займаўся перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасцю.

Факт другі: Кватэра на праспекце Незалежнасці 78А-48, у якой месціцца офіс Праваабарончага цэнтру "Вясна", была набытая ў 2000 годзе. Па ўзгодненым рашэнні Рады Праваабарончага цэнтру "Вясна" кватэра была аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Дзякуючы таму, што офіс з'яўляўся прыватнай уласнасцю, Праваабарончы цэнтр "Вясна" змог прапрацаваць у ім 11 апошніх гадоў. У гэтай кватэры рэгулярна праводзяцца прэс-канферэнцыі і прэзентацыі, яна добра вядомая практычна ўсім грамадка-палітычным актывістам краіны і людзям, якія сутыкаюцца з парушэннем іх правоў, яе наведваюць замежныя дыпламаты.

Ведаюць пра існаванне офіса і беларускія спецслужбы. У афіцыйных санкцыях КДБ на правядзенне ператрусаў у дадзенай кватэры ў снежні 2010 і студзені 2011 гг. было ўказана, што следчыя мерапрыемствы адбываліся ў офісе "незарэгістраванага ПЦ "Вясна".

У дзяржаўных СМІ адмыслова называюць сучасны рынкавы кошт нерухомасці, які значна вырас за апошнія 13 гадоў. Разам з тым, на момант набыцця кошт гэтай кватэры складаў каля 23 000 даляраў ЗША.

Факт трэці: "Шыкоўны катэдж" Бяляцкіх у мястэчку Ракаў уяўляе сабой ні што іншае, як адрамантаваную старую драўляную хату (таму яе неахвотна паказваюць па БТ). Лецішча было набытае сям'ёй у 2005 г., прычым зямельны ўчастак, на якім стаіць дом, не быў прадметам куплі-продажу. Участак належаў папярэднім гаспадарам на праве пажыццёвага валодання (не быў прыватнай уласнасцю) і быў пазней прыватызаваны Бяляцкім самастойна. Як вядома, прыватызацыя зямельных участкаў ў Беларусі каштуе зусім невялікія грошы: у дадзеным выпадку яна абышлася Бяляцкім у суму памерам у 161 330 беларускіх рублёў.

Таксама звяртаем увагу на тое, што перыяд атрымання сродкаў А.Бяляцкім, які разглядаўся ў судзе па крымінальнай справе праваабаронцы -- 2007 -2011 гг., а набыццё маёмасці адбывалася ў 1999, 2000 і 2005 гадах адпаведна.

Факт чацвёрты: "Шыкоўны аўтамабіль", які набыў А.Бяляцкі ў 2010 годзе -- гэта "Сітраен С-5" 2003 г. выпуску, які быў увезены ў Беларусь з Літвы ў пашкоджаным стане. Паводле афіцыйнай дамовы куплі-продажу, ён каштаваў 2 300 Еўра, а разам з мытнымі плацяжамі -- 3000 Еўра.

Алесь Бяляцкі не мае вадзіцельскіх правоў, машынай карыстаўся ягоны сын Адам – адзін з актыўных удзельнікаў акцый "стоп-бензін" у Мінску. У ліпені 2011 года ён адзін з першых спыніў сваю машыну на праспекце, чым ініцыяваў перакрыццё руху на некалькі гадзін. За ўдзел у жнівеньскай акцыі Адам быў арыштаваны, а машына была пагружана на эвакуатар і вывезеная на штрафную стаянку, дзе знаходзіцца і зараз.

Факт пяты: За перыяд з 1994 г. па 2008 г. Інспекцыяй па падатках і зборах Першамайскага р-ну г. Мінска праводзілася праверка прыбыткаў Алеся Бяляцкага і членаў ягонай сям'і. Перавышэнне прыбыткаў А. Бяляцкага над ягонымі выдаткамі па выніках дадзенай праверкі склала сума, эквівалентная 30 далярам ЗША. Перавышэння выдаткаў над прыбыткамі ў іншых членаў сям'і не было ўстаноўлена. Варта нагадаць, што менавіта на гэты перыяд часу і прыпадаюць здзелкі з купляй маёмасці.

Факт шосты: Грашовыя сродкі НЕ АПЫНУЛІСЯ на рахунках, адкрытах А. Бяляцкім у Літве і Польшчы, а БЫЛІ ПЕРАЛІЧАНЫЯ туды шэрагам фондаў згодна з двухбаковымі дамоўленасцямі паміж дадзеным фондамі і Праваабарончым цэнтрам "Вясна". Атрыманыя сродкі расходваліся арганізацыяй на заяўленыя мэты: правабарончую дзейнасць, у тым ліку -- аказанне дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека. Уся справаздачнасць па расходванні атрыманых сродкаў была прадстаўлена Праваабрончым цэнтрам "Вясна" фондам, якія не выказалі ніводнай прэтэнзіі да іх выкарыстання. Такім чынам, грашовыя сродкі з рахункаў, адкрытых на імя А. Бяляцкага, не з'яўляюцца ягоным асабістым прыбаткам і, адпаведна, не падлягаюць падаткаабкладанню.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва з усімі СМІ і гатовы прадаставіць любую дакладную і праўдзівую інфармацыю па справе А. Бяляцкага, калі, вядома, гэтыя СМІ зацікаўленыя ў яе атрыманні.

spring96.org/be/news/48810