Архіў навінаў
27.12.2011 Грамадства
Алесю Бяляцкаму адвялі 10 хвілінаў на развітаньне з бацькам

Сёньня ў 8 гадзін раніцы праваабаронца Алесь Бяляцкі змог развітацца з бацькам, які памёр 24 сьнежня. Гэта адбылося ў менскім моргу на Даўгінаўскім тракце.

Праваабаронцу прывезлі з Жодзінскага СІЗА пад узмоцненай аховай і з аўтамабілямі суправаджэньня. Пра беспрэцэндэнтныя меры бяспекі пры развітаньні сведчыць і той факт, што тэрыторыя моргу была ачэпленая і старонніх асобаў на развітаньне не дапусьцілі. Вяліся апэратыўныя відэаздымкі.

Алесю Бяляцкаму дазволілі пабыць з бацькам каля 10 хвілін. Ён памаліўся каля труны і сказаў колькі словаў сваім блізкім. Адразу пасьля гэтага ён быў адканваіраваны назад у Жодзіна, а ахова тэрыторыі знятая.

Пра смерць бацькі Алесь даведаўся ў дзень пахаваньня, ранкам 27 сьнежня.

Віктар Усцінавіч Бяляцкі памёр 24 сьнежня на 84-м годзе жыцьця. Пахаваньне адбудзецца 27 сьнежня прыкладна ў 13 гадзін на могілках Светач каля Светлагорску (Гомельская вобласьць).

spring96.org/be/news/48607