Сяргей Пятрухін, народны рэпарцёр
30.06.2017 Грамадства
У Драгічыне зачыняецца камбікормавы завод
 
Беларусь сямімільнымі крокамі набліжаецца да заробку ў 1 000 рублёў. 16 чэрвеня 2017 года на аўкцыйоне была прададзеная мэблевая фабрыка ў Ружанах, да 2009 года цалкам паспяховае прадпрыемства, а на днях з вялізнымі стратамі зачыняецца Драгічынскі камбікормавы завод.
 
 
У Драгічыне зачыняецца камбікормавы завод. Рабочым сказалі, што гэта на месяц ці два, але ўсе разумеюць, што гэта назаўжды. Раней прадпрыемства працавала і развівалася. Завод даваў добры прыбытак, быў рэнтабельны, і плаціў падаткі, У 2005 Лукашэнка нават прыязджаў на завод. Што ж здарылася?
 
Паводле крыніцы, якая пажадала застацца невядомай, некалькі гадоў таму ўплывовы гулец сельскагаспадарчага рынку фірма «Консул» вырашыў прыбраць канкурэнта. Абласныя і раённыя ўлады апошнія гады прыкладалі ўсе высілкі, што б закрыць завод і дасягнулі поспеху. Цяпер прыватны інвестар фірма «Консул» на базе дзяржаўнага камбікормавага завода будзе развіваць свой уласны бізнес на апусцелым рынку. На рынку, дзе Іваноўскі і Драгічынскі раёны маюць вялікую ўдзельную вагу ў вобласці па жывёлагадоўлі.
 
На сёння страты прадпрыемства вылічаюцца ў 220 мільярдаў старымі. На заводзе працуюць 340 чалавек, працоўныя атрымліваюць 200-230 рублёў, каля 50 застануцца працаваць на новага гаспадара. Астатнія апынуцца на вуліцы – сітуацыя з працай у Драгічыне сумная: трактарарамонтны, Экзон-Глюкоза... Амаль усе прадпрыемствы на каленях.
 
Офіс ЗАТ “Консул” у Берасці на вул. Высокая
 
Даведацца наколькі гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці з першых вуснаў не атрымалася - намеснік дырэктара Генадзь Каняховіч загадаў ахове не пускаць да яго журналістаў.
 
На ЗАТ "Консул" напрацягу дня датэлефанавацца і ўзяць каментар не ўдалося.