Уладзімір Вялічкін
15.06.2016 Грамадства
Нацыянальная ідэя з’явіцца тады, калі ў людзей з’явіцца магчымасць стаць незалежнымі ад дзяржавы
 
13 чэрвеня на БТ-1 “Першы канал Беларусь” праходзіў Форум з Дмітрыем Бачковым, на якім абмяркоўвалась пытанне якой павінна быць нацыянальная ідэя.
 
Палітыкі Гайдукуевіч–юніор, Раманчук, Кастусёў, Дмітрыеў і некалькі невядомых прарэктараў і прапагандыстаў разважалі аб гісторыі, культуры, ідэалогіі, патрыятызме, кірунках вызначаных прэзідэнтам… І, як слушна заўважыў адзін з прысутных, варта было б перад тым, як ісці на форум пачытаць пару кніжак па тэме…
 
На пачатку незалежнасці мне, пачынаючаму прадпрымальніку, было сорамна не заплаціць падатак. Праца прыносіла плён і існуючае заканадаўства прадастаўляла мне практычна неабмежаваныя магчымасці. Неаднаразова быў сведкам, як людзі ў спрэчках павышаным тонам заяўлялі: “Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь!”
 
Толькі ленівы не зарабляў добрыя грошы. П’яных не стала на вуліцах. Жонкі пачалі працавітых мужыкоў паважаць і цаніць…
 
Сёння, калі я плачу падатак, я хачу ліквідаваць бізнэс і з’ехаць як мага далей. Пад баўбатаўню аб “незалежнасьсі” і “суверэнітэце”, дасягненнях “сацыяльнай, касмічнай, марской і ядзернай” дзяржавы пенсіянераў, інвалідаў, дзяцей, студэнтаў, маламаёмасных грамадзян пазбавілі пенсій. Медыцына, адукацыя сталі платнымі, шмат гадоў ажыццяўляецца палітыка па выцясненні нацыянальных мовы і культуры, а таксама рэлігій алтэрнатыўных Маскоўскай патрыярхіі. Нішчацца нацыянальнае прадпрымальніцтва і фермерства. Зачышчаецца прастора для “прыхватызацыі” беларускага майна інвестарамі іншых краін, у першую чаргу Расеі.
 
Мясцовыя саветы сёння – гэта саветы дырэктароў буйных прадпрыемстваў. Малы і сярэдні бізнес нішчыцца. Прымаюцца законы ў абарону інтарэсаў саветаў дырэктароў буйных прадпрыемстваў, у інтарэсах расейскіх інвестараў. Рэшта грамадзян Беларусі знаходзіцца ў становішчы раба – хачу дам работу, хачу не. Заробкі нізкія, выбару няма, не падабаецца – вон! Жадаючых працаўладкавацца шмат, на ўсіх працы не хапае. Хто не хоча працаваць “на пана” за “капейкі” плаці падатак на “тунеядства”…
 
Сёння шмат размоваў пра ўцёкі “мазгоў”, і першапрычына гэтай з’явы вельмі прастая – людзі не могуць знайсці годнай працы і едуць за мяжу на заробкі, моладзь ня бачыць перспектывы на Радзіме.
 
Нехта з класікаў марксізма-ленінізма трапка сказаў: “Існаванне вызначае свядомасць”.
 
Не проста так на пачатку Савецкай Улады Леніным былі выдадзеныя Дэкрэты “Аб Пакою” і “Аб Зямлі”, не проста так праводзілася палітыка НЭПа. Менавіта дзякуючы ім “бальшавікі” пераадолелі “разруху” і выйшлі з крызысу пасля Грамадзянскай вайны… Дзякуючы ім людзі атрымалі магчымасці рэалізаваць свае здольнасці, пабачылі перспектывы асабстага развіцця. Каб не Сталін - гісторыя была бы зусім іншай...
 
Прыватная ўласнасць і прыватны бізнэс – гэта тое, што робіць чалавека паспяховым. Няма на вёсцы ў чалавека зямлі – співаецца або ўцякае ў горад. У горадзе меньш працы, больш прыбытку. Ня можа знайсці ў горадзе годнай працы – або співаецца, або ўцякае за мяжу…
“Калгаснік” гучыць абразліва – “гаспадар” / “фермер” гучыць годна.
 
“Прадпрымальнік” гучыць годна, “парабак” – грэбліва.
 
Годна быць гаспадаром, упэўненым у заўтрашнім дні чалавекам, самастойным, самадастатковым, незалежным ні ад каго чалавекам. Годна пакупаць, ганебна прадавацца.
 
Форум ад самага пачатку пераўтварыўся ў дыскусію з якога моманту пачынаецца гісторыя Беларусі, на якой мове размаўляць і ў якую царкву хадзіць. Гэткія дыскуссіі патрэбныя ўладам, каб “раз’ядноўваць і панаваць”.
 
Гісторыя, мова і культура – гэта нацыянальныя гонар і годнасць і мусяць паважацца і прымацца ўсімі грамадзянамі без дыскусіяў “A priori”.
 
Медыйная, эканамічная, мытная прасторы мусяць быць беларускімі. Не можа быць рэклямы беларускіх прадуктаў на фоне палацаў сумежных краін, не можа быць мытная палітыка на карысць сумежных краін, нельга блытаць надвор’е Ямала-Ненецкай акругі сумежнай краіны з надвор’ем у Беларусі.
 
Ганебна, калі некалькі беларусаў за адным сталом не могуць спець ніводнай беларускай песні, калі тэле/радыё вяшчанне ідзе на мове сумежнай краіны, калі навучанне ў школах і ВНУ вядзецца на мове сумежнай краіны… Гэта параноя - не “суверэнітэт”!
Аб якой Нацыянальнай ідэе можа ісці гаворка ў краіне, дзе дзяржава зрабіла ўсё, каб людзі не паважалі самі сябе і марылі аб уцёках у далняе ці бліжняе замежжа за элементарным людзкім гонарам і дабрабытам?!
 
Хочаце стварыць нацыянальную ідэю? Дайце беларусам “людзмі звацца”. Дайце ў першую чаргу беларусам, а не замежным інвестарам, магчымасць набыць майно для прыватнага бізнэсу, стварыце правілы гульні, якія дадуць магчымасць раскрыць і рэалізаваць свае здольнасці кожнаму беларусу.
 
Калі ў людзей з’явіцца магчымасць самім будаваць свой лёс, магчымасць стаць незалежнымі ад дзяржавы, тады зьявіцца жаданне жыць у Беларусіі, тады з’явіцца гонар, што ты – Беларус, тады з’явіцца нацыянальная ідэя…