Архіў навінаў
29.12.2010
Брэсцкія актывісты, якія адседзелі пяць сутак, падалі скаргі ў суд

Актывісты Юры Бакур і Андрэй Шарэнда, якія адбылі пяць сутак адміністрацыйнага арышту, падалі скаргі ў Брэсцкі абласны суд.

Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

Бакур і Шарэнда лічаць сваё затрыманне адвольным, а суд — не адпаведным патрабаванням незалежнасці і аб'ектыўнасці.Яны расцэньваюць тое, што адбылося з імі, як пераслед за палітычныя перакананні.

Па словах Кісляка, "на судовым пасяджэнні супрацоўнікі міліцыі блыталіся ў паказаннях і супярэчылі адзін аднаму. І гэта не дае падставаў для прыцягнення Бакура і Шарэнды да адміністрацыйнай адказнасці".

Бакур і Шарэнда, а таксама давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага Дзмітрый Шурхай былі затрыманыя ў Брэсце 21 снежня. На наступны дзень суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў Шурхая вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, Бакура і Шарэнду — у дробным хуліганстве (усе трое нібыта нецэнзурна лаяліся).

http://euroradio.by/node/4507