Архіў навінаў
28.12.2010
У Брэсцкай вобласці праходзіць акцыя "Нашы сэрцы — хворым дзецям"

Навагоднюю дабрачынную акцыю правялі 27 снежня ў Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы рэгіянальныя актывісты Беларускага дзіцячага фонду, паведамляе БелаПАН.

Як паведаміла дырэктар Брэсцкага абласнога аддзялення фонду Зоя Троцкая, дзецям было паказана тэатралізаванае прадстаўленне. Маленькім пацыентам уручана больш як 200 падарункаў (гульні, мяккія цацкі, школьна-пісьмовыя прылады).

Акрамя таго, у кожнае з шасці аддзяленняў перададзены развіццёвыя дзіцячыя гульні прыкладна на 2 мільёны рублёў.

Сродкі на падарункі пералічылі прадпрыемствы і арганізацыі вобласці, грамадзяне. Збор падарункаў у Брэсце арганізаваны на чатырох гандлёвых аб'ектах. Нямала жыхароў абласнога цэнтра прыносілі іх у офіс фонду, распавяла Троцкая.

Акцыя "Нашы сэрцы — хворым дзецям" працягнецца ў вобласці да 15 студзеня.

http://euroradio.by/node/4288