Архіў навінаў

06.01.2010  Калі паказанні супярэчлівыя?

У судзе Бярозаўскага раёну адбыўся працяг разгляду адміністратыўнай справы 30-гадовага бярозаўчаніна Руслана Сандразда, для якога жаданне даведацца ў кабінеце аператыўніка Дзмітрыя Гукіна, на якой падставе павінен здаць адбіткі пальцаў, абярнулася 7-гадзінным затрыманнем, пад час якога знаходзіўся ў камеры папярэдняга заключэння, абвінавачваннем у непадпарадкаванні службовай асобе, пагрозам у яе адрас і нецэнзурнай лаянцы.

Судовае паседжанне доўжылася каля дзвюх гадзін. За гэты час акрамя Гукіна далі свае паказанні сведкі - міліцыянеры, пазначаныя ў пратаколах, і выкліканыя ў суд па просьбе Сандразда двое грамадзян, што прыходзілі здаваць адбіткі пальцаў.Як заўважыў адвакат Ігар Рабцэвіч, матэр'ялы па гэтай адміністратыўнай справе складзены са шматлікімі парушэннямі, паказанні супрацоўнікаў міліцыі вельмі адрозніваліся:

- Я нават не буду гаварыць пра грамадзянскіх. Калі даваць ацэнку паказанням саміх супрацоўнікаў міліцыі, то яны былі супярэчлівымі, скажам па той частцы, што адбывалася ў кабінеце. Адны гавораць, была нецэнзурная лаянка, другія кажуць - не, адны кажуць, былі пагрозы, другія – не было ніякіх пагроз. Безумоўна, гэта ўсё будзе судом улічана. А грамадзянскія не чулі нічога - ні пагроз, ні лаянкі.

Нягледзячы на тое, што адміністратыўная справа мела сёння апошні дзень па тэрміну разгляду, суддзя прыняла рашэнне выклікаць яшчэ 2 сведкі з тых цывільных асоб, што адначасова з Сандраздом знаходзіліся ў кабінеце супрацоўніка крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУС Гукіна пад час так званага канфлікту між ім і Сандраздом.

http://www.racyja.by/news/materyyaly/zdarenni/23217.html