Архіў навінаў

17.10.2009 Свята толькі для ўлады

Праваабаронцам з Берасця Уладзіміру Вялічкіну, Уладзіміру Малею і Ігару Маслоўскаму адмоўлена з боку Берасцейскага гарвыканкама ў магчымасці прыняць удзел у святкаванні 20-годдзя сяброўства гарадоў-пабрацімаў Берасця і Равенсбурга.

Прычына адмовы лішні раз паказала непавагу ўлады да свайго народа, як сказаў Уладзімір Вялічкін, цытуючы адказ:

-У рамках святкавання 20-годдзя партнёрскіх сувязяў гарадоў Равенсбурга і Берасця,  згодна з планам прабывання афіцыйнай дэлегацыі, сустрэча з прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, прыватных асоб не прадугледжана.

Вялічкін лічыць, што берасцейская ўлада настолькі ўжо адарвалася ад народа, што ёй не патрэбна разглядаць пытанні:  ці ўвогуле запрашаць берасцейцаў на нейкія святкаванні або нават проста ставіць у вядомасць грамадзян аб гэтых   святкаваннях.

У пачатку кастрычніка праваабаронцы па запрашэнню нямецкага боку наведалі горад Равенсбург, дзе мелі сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, уладамі і бургамістрам Вайтэнгартэна Эвальдам. Ён узначальвае дэлегацыю, што прыехала на святкаванне ў Берасце. З ім ішла размова ў Равенсбургу аб удзеле праваабаронцаў у свяце.

Па словах Вялічкіна, адказ гарвыканкама будзе разасланы па ўсіх кантактах, якія яны навязалі ў Равенсбургу, асабіста Эвальду і ў Раду Равенсбурга.

Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя.

http://racyja.by/news/materyyaly/zdarenni/20546.html

Назад