Архіў навінаў

11.10.2009 Абарона ад псіхічна хворых грамадзян?

У Берасцейскім гарвыканкаме з'явілася папярэджанне: ГРАМАДЗЯНЕ, АСЦЯРОЖНА: НАША РАЗМОВА ЗАПІСВАЕЦЦА! На пытанне праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, для чаго? Супрацоўніца сказала, што ім на лекцыі паведамілі, што кожны другі беларус псіхічна хворы.

Як аказалася, аналагічныя абвесткі з'явіліся на вакзале, у паліклініцы і іншых установах. А пры праходжанні медкамісіі цяпер мала сведчання ўрача, што не стаіш на ўліку ў псіхдыспансэры. Цяпер трэба абавязковая праверка ўрачом псіхічнага стану. Праваабаронца лічыць, што папярэджаннямі аб запісу размоў, пэўна, супрацоўнікі бароняць сябе ад вострых размоў грамадзян.

Замест гэтага няхай чыноўнікі створаць нармальныя ўмовы для свайго народа, каб па колькасці суіцыдаў не быць на першым месцы ў свеце, каб не павялічвалася колькасць злачынстваў, якія прыводзяць нават да смяротных пакаранняў. Беларускія грамадзяне, па словах Вялічкіна, не адчуваюць абароны дзяржавы, яны па-просту кінуты на волю лёсу. На добрую адукацыю, паспяховае лячэнне трэба вялікія грашовыя сродкі, якіх усё больш і больш не хапае ў беларусаў.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 450 млн. людзей на планеце пакутуюць ад псіхічных захворванняў. У заходніх краінах кожны сёмы чалавек з'яўляецца параноікам або шызафрэнікам, або падвергнуты дэпрэсіі і алкагалізму. Але, як кажа Вялічкін, абароны ад псіхічна хворых, аналагічна беларускай, нідзе не было чуваць.Цяпер берасцейскім праваабаронцам дабавіцца працы.

Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя.

http://racyja.by/news/materyyaly/zdarenni/20296.html

Назад