Архіў навінаў

10.10.2009 Новыя прапановы рэгенерацыі Берасцейскай крэпасці

Аб чым паведаміла Радыё Рацыя сябра грамадскай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры МК РБ, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская. Гэта паказала выстава "Мой дом", якая прайшла ў лядовым палацы Берасця. На ёй былі прадстаўлены работы студэнтаў Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэта, скіраваныя на так званую "рэваларызацыю" (амаладжэнне) тэрыторыі Берасцейскай крэпасці.

Праекты зроблены пад кіраўніцтвам вядомага архітэктара Аляксея Андрэюка і маладых выкладчыкаў Мікалая Валасюка і Таццяны Панчанка. Адзін з прадстаўленых праектаў –"рэвалорызацыя" крэпасці, другі – Цэнтр сучаснага мастацтва і трэці – будаўніцтва праваслаўнага манастыра з храмам на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці, чацверты –бібліятэчны комплекс крэпасці.

На думку Лаўроўскай, гэтыя праекты катэгарычна недапушчальныя з пункту гледжання закону "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны"( на тэрыторыі крэпасці нельга будаваць новых аб'ектаў). Не зважаецца таксама і маральна-этычны бок. Будаўніцтва гатэляў прапанавана на абарончым ірве, дзе пахаваны без адпявання паўтары тысячы берасцейцаў, забітых расейскімі войскамі ў 18 веку, бібліятэкі на месцы недаследанных рэшткаў старадаўняга рынка.

Некалькі месяцаў таму Міністэрства культуры РБ разглядала прапанаваную архітэктарам Міхаілам Гайдуковічам канцэпцыю рэгенерацыі тэрыторыі Берасцейкай крэпасці і ў пастанове падкрэсліла: «лічыць немэтазгодным размяшчэнне новых аб'ектаў на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «0», якія не звязаны з гісторыяй фарміравання і развіцця крэпасці ці сярэднявечнага Брэста». Аднак як сталыя архітэктары, так і выкладчыкі ВНУ не звяртаюць увагу на неабходнасць кіравацца дзеючым Заканадаўствам і канвенцыямі ЮНЕСКА і Вашынгтонскай WHC.92/2 ад лютага 2005 г).

Радыё Рацыя.

http://racyja.by/news/materyyaly/kultura/20271.html

Назад