Архіў навінаў

29.12.2008  У "прыгарадзе Брусэля" зрэагавала на "жорсткі графік"

Знішчальніца "Свабоднага прафсаюза" ў захапленні ад кантактаў з Лювенскім універсітэтам. А вось "Магутны Божа" там так і не пачула.

Ганна Сендзер, першы прарэктар Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна, з'ездзіла ў Еўропу. Ёю быў падпісаны кантракт аб супрацоўніцтве з Каталіцкім універсітэтам у горадзе Лювэн (Бельгія).

На старонках карпаратыўнай газеты "Берасцейскі Універсітэт" Ганна Сендзер дзеліцца ўражаннямі. Асабліва ёй прыйшліся даспадобы вельмі кароткі адпачынак супрацоўнікаў універа ў Лювэне – "21 день, несмотря на отсутствие занятий в каникулярное время", – і "наличие жёсткого графика учёта рабочего времени: сотрудники обязаны расписывать каждые 15 минут рабочего дня, причём достоверность данного графика легко проверяется с помощью информационной системы университета".

Кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюза ўніверсітэта Валянцін Лазарэнкаў:

– Ганна Сендзер толькі за восень мінулага – вясну гэтага года выбіла з нашага прафсаюза дваццаць чалавек. Выклікала ў кабінет і казала: "Альбо выбранне на пасаду, альбо Свабодны ад працы прафсаюз". І вось – перспектыўны кантакт з вельмі слынным еўрапейскім універсітэтам.

Пра тое, што ў Лювэне вучыліся многія выбітныя беларусы, гнаныя бальшавікамі розных масцяў – Вітаўт і Зора Кіпелі, Янка Запруднік, што тут кіраваў студэнцкім хорам аўтар духоўнага гімна беларусаў "Магутны Божа" Мікола Равенскі – пра гэта доктар педнавукаў Сендзер бадай што не ведае. Цвёрда пераканана ў другім: "Город Лювен находится, по сути, в пригороде столицы Бельгии – Брюсселя".

Ну, крыху не дагаварыла. Што Брусэль – не цэнтр продажу брусэльскай капусты, а сталіца Еўрасаюза, сэрца еўрапейскай дэмакратыі. Пра гэта ведаюць і яе, дэмакратыі, прыхільнікі, і адкрытыя яе ворагі. Такія, як Ганна Сендзер.

Пачаць пералік беларускіх дэмакратаў, якіх не пусцілі ў Еўрасаюз?

Пётра Васілеўскі "Прыбужжа"

http://www.bulletinonline.org/main/Members/nexio/bulletinfolder.2006-04-24.8854488641/bulletinedition.2008-12-01.7347302003#bulletinarticle.2008-12-19.0380807029