Архіў навінаў
31.12.2016 Грамадства
Чаму салдат і пісьменік сталі дармаедамі
 
Нядаўна паштальён прынёс на дом вялікі заказны ліст на імя былога навучэнца Брэсцкага гандлёвага каледжа, якога вясной забралі служыць ва ўнутраныя войскі і які зараз праходзіць службу ў Мінску. Натуральна, за ліст распісаўся бацька, які шмат чаго пабачыў на сваім вяку. Але зараз гэтаму чалавеку было чаму здзівіцца!
 
У заказным лісце аказалася паведамленне з падатковай інспекцыі па Ленінскім раёне г.Берасця – на імя ягонага 20-гадовага сына на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год у суме 360 новых рублёў, або 3 мільёны 600 тысяч да дэнамінацыі. З тэрмінам выплаты не пазней за 30 каляндарных дзён з дня ўручэння паведамлення. Выйшла, што сын згодна з Дэкрэтам прэзідэнта ад 2 красавіка 2015 года №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» не працаваў і не вучыўся больш за 183 дзён у 2015 годзе.
 
Бацька зайшоў у падатковую інспекцыю па Ленінскім раёне г.Берасця і звярнуцца там да выканаўцы, маладой інспектаршы:
 
- Скажыце, калі ласка, хто падаваў звесткі для падатковай інспекцыі на майго сына?
 
- Ніхто не даваў. Міністэрства па падатках і зборах фармавала спісы, зыходзячы з пашпартнай базы дадзеных, ад іх адмінусавалі студэнтаў ВНУ і навучэнцаў каледжаў.
 
- Але ўвесь 2015 год мой сын вучыўся на дзённым аддзяленні гандлёвага каледжа, пра што пацвердзіла яго сакратар ...
 
- Не ведаю, чаму гандлёвы каледж ня падаў дадзеных аб тым, што ваш сын вучыўся цэлы год на дзённым аддзяленні. Таму вам трэба прынесці нам пра гэта даведку з гандлёвага каледжа?
 
- А чаму я, а не вы павінны зрабіць запыт у каледж, адкуль на ваш адрас дашлюць тую даведку?
 
- Ну, гэта ж у вашых інтарэсах прынесці нам даведку з подпісам і пячаткай ...
 
Я зразумеў, што ў дадзеным выпадку супраціўленне бескарысна і патэлефанаваў сакратару каледжа. Тая паведаміла: каб атрымаць даведку, трэба спачатку прыехаць і напісаць заяву на яе атрыманне.
 
Цяпер бацька «дармаеда» не па сваёй волі павінен адрываць свой час, каб з'ездзіць у гандлёвы каледж, напісаць там заяву на выдачу даведкі, дзе яе выпішуць, паставяць подпіс дырэктара і гербавую пячатку, і потым трэба адвезці даведку ў падатковую інспекцыю.
 
Ці не занадта шмат гонару для двух міністэрстваў Рэспублікі Беларусь - па падатках і зборах і адукацыі, якія не здолелі паміж сабой дамовіцца, як перадаць усе дадзеныя аб навучэнцах, якія вучыліся ў 2015 годзе?
 
Такасма «ліст шчасця» атрымаў Яўген, празаік з Пінска, які піша апавяданні, аповесці і раманы і хоча ўступіць у сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. А сяброўства ў творчым саюзе не падпадае пад прэзідэнцкі дэкрэт №3 і вызваляе ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Яўген пасылае свае творы ў розныя выдавецтвы і часопісы. Адны яго друкуюць, іншыя ўключаюць у чаргу на публікацыю. Там таксама канкурэнцыя, як на любым рынку працы.
 
Але пакуль ён не стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, ён для падаткавікоў радавы дармаед ...
 
У гэтай сувязі ўспомніўся суд над Іосіфам Бродскім і знакаміты запіс Фрыды Вігдарава судовага працэсу над паэтам. Нагадаем, што пастановай народнага суда Дзяржынскага раёна горада Ленінграда ад 13 сакавiка 1964 года будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі за дармаедства быў на пяць гадоў выселены з горада на Няве.
 
Ніякія даведкі аб дагаворах з выдавецтвамі і хадайніцтвы сябраў Саюза пісьменнікаў СССР не дапамаглі.
 
Прыводзім запіс суда над Бродскім, зробленую на пасяджэнні суда Дзяржынскага раёна горада Ленінграда і тады ж адпушчанага у самвыдат пісьменніцай Фрыдай Вігдарава:
 
«Суддзя: Чым вы займаецеся?
 
Бродскі: Пішу вершы. Перакладаю. Я мяркую...
 
Суддзя: Ніякіх "я мяркую". Стойце як след! Не прытуляцца да сцен! Глядзіце на суд! Адказвайце суду як след! (Мне). Зараз жа спыніце запісваць! А то - выведу з залы. (Бродскаму): У вас ёсць пастаянная работа?
 
Бродскі: Я пісаў вершы. Я думаў, што яны будуць надрукаваныя. Я мяркую...
 
Суддзя: Нас не цікавіць "я мяркую". Адказвайце, чаму вы не працавалі?
 
Бродскі: Я працаваў. Я пісаў вершы...
 
Суддзя: Ваш працоўны стаж?
 
Бродскі: Пяць гадоў.
 
Суддзя: Дзе вы працавалі?
 
Бродскі: На заводзе. У геалагічных партыях ...
 
Суддзя: А ўвогуле якая ваша спецыяльнасць?
 
Бродскі: Паэт. Паэт-перакладчык.
 
Суддзя: А хто гэта прызнаў, што вы паэт? Хто залічыў вас да паэтаў?
 
Бродскі: Ніхто. (Без выкліку) А хто залічыў мяне да роду чалавечага?
 
Суддзя: А вы вучыліся гэтаму?
 
Бродскі: Чаму?
 
Суддзя: Каб быць паэтам? Ня спрабавалі скончыць ВНУ, дзе рыхтуюць ... дзе вучаць ...
 
Бродскі: Я не думаў, што гэта даецца адукацыяй.
 
Суддзя: А чым жа?
 
Бродскі: Я думаю, гэта ... (разгублена) ... ад Бога ».
 
Вось так таленавітага паэта, які вайшоў у сусветную гісторыю літаратуры ХХ стагодзя, зрабілі звычайным дармаедам на патрэбу тагачаснай таталітарнай ідэалогіі...
 
Каментар брэсцкага праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна:
 
- Мне думаецца, што ўсе гэтыя заказныя лісты з паведамленнямі з падатковай інспекцыі на салдата з Брэста і празаіка-пачаткоўца з Пінска на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год бяруцца «са столі», а раптам сярод тых, каму яны пасланыя, трапіцца сапраўды дармаед.
 
Сапраўдныя дармаеды, гэта тыя, хто не стварае прадукт, такіх шмат у чынавенскіх кабінетах. Замест таго, каб ствараць умовы для развіцця эканомікі і павелічэння колькасці працоўных месцаў, яны залазяць у кішэню найменьш забяспечаных грамадзян, мацярок, студэнтаў, людзей якія ня могуць знайці годную і адпаведную атрыманай спецыяльнасці працу...
 
Сваімі «лістамі шчасця» дзяржава ставіцца да сваіх грамадзян як да злачынцаў, гэта абраза чалавечай годнасці, ня трэба забываць, што адпаведна Канстытуціі чалавек не павінен даказваць сваю невінаватасць.
 
А вось дэградаваўшымі асобамі, якія кожны дзень з раніцы стаяць пад крамамі і цэрквамі, збіраючы грошы на «баярышнік», ніхто не цікавіцца, а менавіта імі павінна апекавацца дзяржава і грамадства.
 
Канстытуцыяй замацавана права на працу, а не абавязак, і калі ў чалавека ёсць на што жыць і існаваць, то гэта не справа дзяржавы: няма прыбытку – няма падатку.
 
Нават у савецкія часы ў крызісныя часы дзяржава выкарыстоўвала “дзяржаўныя займы”, людзям замест грошаў выдавалі аблігацыі, па якім па прашэсці гадоў можна было вярнуць грошы.
 
Зараз справа выглядае як зычайны крымінальны рэкет, якім занялася дзяржава, пад выглядам “сбору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў”. Усе разумеюць – гэта робіцца, каб заткнуць дзіркі ў бюджэце створаныя не эфектыўнай працай чыноўнікаў.