Архіў навінаў
30.12.2016 Грамадства">
30.12.2016 Грамадства<
Як давесці, што ты не дармаед, калі жывеш за мяжой?
 
Самая папулярная парада у сацсетках гучыць вельмі па-беларуску: не трэба рабіць нічога.
 
Пад канец года беларусы сталі думаць, што рабіць з «лістамі шчасця» ад падатковай інспекцыі. Самая папулярная парада ў сацсетках гучыць вельмі па-беларуску: не трэба рабіць нічога. “Ты ж афіцыйна з'ехала. Чаму ты павінна рабіць працу падатковай?!” - звяртаецца сяброўка да спадарыні, якая атрымала квітанцыю на аплату збору “дармаеда”, хоць ужо некалькі гадоў жыве ў Паўднёвай Карэі, перадае “Еўрарадыё”.
 
“Гэта ваш выбар: несці нам дакументы ці не. Але калі мы не атрымаем аплату або дакументы на палёгку, матэрыялы будуць накіраваныя ў суд. А ў судзе вам у любым выпадку трэба будзе паказаць гэтыя дакументы”, - катэгарычна адказваюць у падатковай.
 
Усе звесткі пра беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, памежнікі ўносяць у адмысловую базу. "Памятаеце, як мы адмянілі штампы ў пашпартах? Некалькі гадоў таму неабходнасць у іх адпала, бо была створаная сістэма аўтаматызаванага памежнага кантролю, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. — Там фіксуецца кожнае перасячэнне мяжы грамадзянінам Беларусі. Ды і замежнікамі таксама".
 
Замежнікі нас цяпер не цікавяць. Нас цікавіць, чаму беларусы, якія афіцыйна з'ехалі з краіны, мусяць даказваць падатковай, што яны не вярблюды, калі ўсе патрэбныя звесткі пра іх у дзяржавы і так ужо ёсць? Тым больш, што чыноўнікі публічна заяўляюць пра вялікую працу, якую зрабілі, складаючы базу "дармаедаў":
 
"Самым важным для нас было забяспечыць якасны ўлік плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, — кажа ў эфіры тэлеканала АНТ намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. — Праца няпростая, але ўсе пытанні вырашальныя, калі належным чынам да іх ставіцца. У фармаванні базы са звесткамі бралі ўдзел больш за 27 дзяржаўных органаў, больш за 82 тысячы арганізацый".
 
Мяркуючы па тым, што беларусы, якія жывуць за мяжой, масава атрымліваюць "лісты шчасця", супрацоўніцтва з памежнікамі ў падатковай не склалася. Аляксандр Цішчанка гэта пацвярджае: доступ да асабістых звестак, якія захоўваюцца ў базе памежнікаў, падатковая атрымлівае толькі ў выключных выпадках: "Грамадзянін, калі ў яго ўзнікае праблема, можа сам зрабіць запыт і атрымаць звесткі пра сябе. І так даказаць падатковай, што ён недзе адсутнічаў. А падатковая можа атрымаць гэтыя звесткі толькі ў межах пэўнай вытворчасці ў дачыненні да фізічнай ці юрыдычнай асобы".
 
Што ў выніку рабіць прадстаўнікам беларускіх дыяспар, якія атрымалі квіткі на выплату «дармаедскага» збору? Па-першае, яны ці іх сваякі могуць патэлефанаваць у даведку Міністэрства падаткаў і збораў на кароткі нумар 189. Там вам растлумачаць, што дакументы, каб не быць дармаедам, патрабуюцца нескладаныя. Калі вы працавалі - працоўная дамова, кантракт або ліст/даведка ад працадаўцы. Калі не - дастаткова нават ксеракопіі старонак у пашпарце, дзе бачныя пячаткі аб перасячэнні мяжы.
 
“Несці дакументы трэба ў падатковую інспекцыю, адкуль вам прыйшло паведамленне, у аддзел фізічных асоб. Можаце поштай даслаць, толькі заказным лістом - на ўсялякі выпадак, каб не страцілася. А можна і на электронную пошту даслаць”, - пералічваюць варыянты ў падатковай.
 
Праўда, каб даведацца e-mail сваёй падатковай, туды давядзецца патэлефанаваць. Ці яшчэ адзін варыянт - адправіць электронны зварот праз форму на сайце. Людзі, якія ўжо даводзілі ў падатковай, што яны не дармаеды, кажуць, што натарыяльна завяраць копіі старонак не трэба. Перакладаць надпісы на пячатках - таксама.
 
https://charter97.org/be/news/2016/12/29/236005/