Архіў навінаў
29.12.2016 Грамадства">
29.12.2016 Грамадства<
У 2017 годзе Беларусь сапраўды чакаюць перамены
 
І толькі ад нас залежыць, якімі яны будуць.
 
За два дзесяцігоддзі дыктатар дабіў краіну да абуха, што выратаваць яго не стане ўжо ніхто. Праект «Лукашэнка», запушчаны ў 1994 годзе спецслужбамі Расеі для захавання кантролю над суседняй краінай, прызнаны катастрафічным нават ягонымі стваральнікамі.
 
Гадамі ў дыктатуру па суседстве ў абмен на клятвы ў вечным сяброўстве і ілюзію існавання нейкага адзінства паводле ўзору былога «саўка» ўкладаліся велізарныя рэсурсы: сотні мільёнаў тон нафты, сотні мільярдаў кубаметраў газу, не менш за сто мільярдаў даляраў, прэферэнцыі на рынку прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай тэхнікі, падтрымка на міжнароднай палітычнай арэне і сусветным крэдытным рынку. Як сказаў адзін мой знаёмы расейскі бізнэсовец, «ды вы, беларусы, калі б не ваш Лука, елі б з залатых талерак і сядзелі б на залатых ўнітазах».
 
Вядома, у палітычным сэнсе рэжым Лукашэнкі быў выгадны расейскім уладам. Па-першае, як пудзіла, адцягвае ад праблем з правамі чалавека ў самой Расеі. Беларусы добра памятаюць, як заходнія дыпламаты ў адказ на заклікі ўключыцца ў барацьбу з дыктатурай, казалі ім, што «дэмакратыя ў Беларусь прыйдзе з Расеі». Па-другое, як «палігон», на якім адточвалі метады расправы над апазіцыяй: пачынаючы ад забойстваў дэмакратычных лідараў, нахабнай фальсіфікацыі выбараў, закрыцця незалежных тэлеканалаў, газет і радыёстанцый і заканчваючы ўвядзеннем рэпрэсіўных законаў супраць грамадзянскай супольнасці (пры гэтым у Крамлі ўважліва адсочвалі рэакцыю Захаду на лукашэнкаўскае бязмежжа). І самае галоўнае, як нафтавы афшор, які дазваляў выводзіць вялізныя сумы з расейскага бюджэту ў кішэні крамлёўскіх кіраўнікоў.
 
Але сёння за ўсё гэта Пуцін нават не можа сказаць Лукашэнку дзякую. Сланцавая рэвалюцыя, падзенне коштаў нафты, вайна ва Украіне і Сірыі, эканамічны, а не за гарамі і палітычны (гарыць Каўказ і пачынае абурацца Татарстан) крызіс у краіне прымушаюць расейскія ўлады сур'ёзна перагледзець артыкулы выдаткаў. Стала бессэнсоўна марнаваць грошы на вар'ята царка, які бяздарна прамантачыў гіганцкую дапамогу.
 
Паказальная для постсавецкай прасторы выява пад назвай «Квітнеючая Беларусь пад крылом Расеі» не ўдалася. За кіраваннем Лукашэнкі краіна скацілася ў галечу: ВУП імкліва падае ўжо некалькі гадоў, заробкі і пенсіі ў рэгіёнах 60-80 даляраў, рост коштаў і беспрацоўе б'юць рэкорды, не за гарамі банкруцтва банкаў і дэфолт. Расце народная незадаволенасць, наракаюць чыноўнікі і бізнэсоўцы, якія жывуць, як тая бульба са састарэлага анекдота – ці вясной пасадзяць, ці восенню збяруць.
 
Гэтым разам, відавочна, прыбіраць будуць самога Лукашэнку. Не ў каня корм і, што б ні казалі сёння макееўскія аналітыкі, нават на пераправе такіх мяняюць.
 
Пытанне сёння ў іншым: што далей? Замена адной марыянеткі на іншую не развязвае праблем. Новага добрага жыцця пад расейскім пратэктаратам не будзе, толькі служыць давядзецца не ў Мар'інай горцы, а на Данбасе і турэмны тэрмін адбываць не ў Магілёве, а на Калыме.
 
Самы час усвядоміць, што сёння лёс кожнага з нас залежыць ад таго, якім шляхам пойдзе нашая краіна. У баку застацца не выйдзе. Не толькі апазіцыя, праваабаронцы ці незалежныя журналісты, а абсалютна ўсе сёння адчуваюць на ўласнай скуры і партманэце, чаго каштуе ўлада, якую не выбіраюць, а накідваюць.
 
Кожны бізнэсовец, чыноўнік, рабочы, настаўнік, лекар, мастак, музыкант, журналіст, студэнт ведае, што ён можа зрабіць на сваім канкрэтным месцы. А потым трэба сабрацца ў адзін час і адправіць на сухі лес усіх гэтых недарэчных закамлексаванных бонзаў, якія ўяўляюць сябе ўладарамі жыццяў і лёсаў.
 
Я веру ў Бога і беларускі народ. Гэтая вера дапамагала мне ўсе гэтыя два няпростыя дзесяцігоддзі. І я дакладна ведаю, што беларусы перастануць быць аб'ектамі чужых палітычных маніпуляцый, а стануць гаспадарамі свайго жыцця і героямі беларускай гісторыі.
 
https://charter97.org/be/news/2016/12/29/235920/