Архіў навінаў
27.12.2016 Грамадства
Мітрапаліт Кандрусевіч: Міліцыя штучна заніжае колькасць удзельнікаў калядных набажэнстваў
 
У адкрытым лісце міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў непакой адносна таго, што ў апошнія гады штучна заніжаюцца звесткі па колькасці вернікаў, якія прымаюць удзел у набажэнствах на святы Божага Нараджэння (Раства) і Вялікадня, піша catholic.by
 
«Паводле інфармацыі афіцыйнага сайта міністэрства, якім Вы кіруеце, на набажэнствах у ноч на Божае Нараджэнне ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым годзе прысутнічала каля 40 тысяч веруючых, што не адпавядае рэчаіснасці і гэтая лічба з'яўляецца яўна заніжанай, пра што сведчаць даныя па г. Мінску і г. Гродна, не кажучы пра іншыя парафіі, асабліва на Гродзеншчыне», — гаворыцца ў лісце.
 
«Толькі ў Мінску ў ноч на Божае Нараджэнне 2016 года на ўсіх набажэнствах прысутнічала каля 11 тыс. чалавек, у Гродне — каля 13 тыс., у Лідзе — каля 6 тыс. Гэта значыць, толькі ў гэтых трох гарадах прысутнічала каля 75 працэнтаў ад даных, якія прадставіла МУС. А колькі было ў іншых гарадах, такіх як, напрыклад, Ашмяны, Ваўкавыск, Браслаў, Паставы, Баранавічы, Брэст і інш.?», — задаецца пытаннем мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
 
«Увогуле, паводле існуючай практыкі ў Каталіцкім Касцёле, статыстычныя даныя на калядныя і велікодныя набажэнствы прыводзяцца па выніках удзелу ў начных і дзённых набажэнствах, бо далёка не ўсе веруючыя могуць прымаць удзел у начных службах. У гэтым годзе на калядных начных і дзённых набажэнствах у Мінску прысутнічала каля 32 тыс. чалавек, у Гродне — каля 40 тыс., у Лідзе — каля 20 тыс. Таму рэальная колькасць удзельнікаў у набажэнствах на Божае Нараджэнне ва ўсёй Беларусі ў шмат разоў большая, чым паведамляецца на сайце МУС», — зазначаецца ў звароце.
 
«Непакой выклікае той факт, што ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да штучнага заніжэння ўдзелу католікаў у набажэнствах. Так, калі на Божае Нараджэнне 2011 г. МУС налічыла 240 тыс. чалавек, то ў 2012 годзе ўжо 95, у 2013 — 83, у 2014 — 58».
 
«Выказваю надзею, што ў будучым МУС будзе прыводзіць адпаведную праўдзе інфармацыю пра ўдзел вернікаў у каталіцкіх набажэнствах. З павагай і найлепшымі пажаданнямі на надыходзячы Новы 2017 год», зазначыў кіраўніка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
 
http://nn.by