Архіў навінаў
24.12.2016 Грамадства
«Бараніць незалежнасьць!», — Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды сьвятаў
 
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Нараджэньнем Хрыстовым і з Новым Годам.
 
У сваім сьвяточным звароце яна падвяла вынікі 2016 году, адзначыўшы палітычныя падзеі ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Расеі ды іншых краінах, што «распачалі ў сьвеце пэрыяд непрадказальнасьці, які нясе для Беларусі большыя рызыкі, чым для многіх іншых краінаў».
 
«Як і раней, найбольшую небясьпеку для Беларусі ўтварае пагроза незалежнасьці з боку цяперашняй аўтарытарнай Расеі. Вельмі непакоіць актывізацыя агрэсіўнай прапаганды ў праўладных расейскіх СМІ: прапаганды, напоўненай нянавісьцю да Беларусі і беларускага народу. Вельмі непакояць закулісныя перамовы паміж беларускім і расейскім дыктатарамі, эканамічны ціск і асабліва неадназначныя расейскія вайсковыя перасоўваньні каля беларускай мяжы. Падзеі, якія адбываліся ва Ўкраіне ад 2014 году, не дазваляюць спакойна назіраць за гэтым».
 
Івонка Сурвіла кажа ў звароце, што «Расея ёсьць нашым суседам», і таму Беларусь павінна жыць зь ёй у сяброўстве і добрасуседзтве, але падкрэсьлівае, што «незалежнасьць — гэта найвялікшая і найважнейшая каштоўнасьць для любога народу, у тым ліку і для нашага, беларускага».
 
«На жаль, у цяперашні час нам зноў даводзіцца ўсурʼёз думаць пра неабходнасьць для беларусаў бараніць гэтую незалежнасьць са зброяй у руках. Прычым ад людзей, якія хочуць называць сябе нашымі братамі».
 
У звароце адзначаецца, што кантакты паміж афіцыйнымі беларускімі ўладамі і Захадам, якія моцна актывізаваліся ў 2016 годзе, павінны працягвацца толькі пры ўмове адпаведных крокаў з боку менскага рэжыму:
 
Драматычныя падзеі 1917 году адыгралі лёсавызначальную ролю для Беларусі і стварылі перадумовы для абвяшчэньня ў 1918 годзе незалежнай і дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі
 
«Гэта ёсьць добра, бо патэнцыйна набліжае пераадоленьне міжнароднай ізаляцыі нашай Бацькаўшчыны. Але сусьветная супольнасьць павінна разумець, што саступкі менскаму рэжыму недапушчальныя без канкрэтных і адчувальных крокаў у кірунку дэмакратызацыі ў Беларусі. Менскі афіцыйны рэжым дагэтуль не зрабіў такіх крокаў. Працягваецца перасьлед беларусаў дзеля палітычных матываў, працягваецца цэнзура і прапаганда ў галоўных беларускіх СМІ. Парлямэнцкія выбары, што прайшлі ў 2016 годзе, былі такімі ж несумленнымі і сфальсыфікаванымі — такім жа падманам і абразай беларускага народу — як і ўсе папярэднія выбары і рэфэрэндумы за апошнія вось ужо больш як дваццаць гадоў».
 
Старшыня Рады БНР адзначыла, што ў 2017 годзе беларусы пачнуць адзначаць стагодзьдзе здабыцьця Беларусяй незалежнасьці.
 
«Драматычныя падзеі 1917 году адыгралі лёсавызначальную ролю для Беларусі і стварылі перадумовы для абвяшчэньня ў 1918 годзе незалежнай і дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі. 2017 год — гэта сотыя ўгодкі Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, які быў ключавой падзеяй на шляху да стварэньня незалежнай Беларусі і на якім была ўтвораная Рада БНР як першапачаткова Рада Ўсебеларускага Кангрэсу».
 
«Хай гэты сьвяточны час прынясе ўсім нам радасьць ад стасаваньня з блізкімі і надзею на шчасьлівы новы 2017 год. Мы павінны жыць надзеяй і верай у лепшае, у тое, што будучыня прынясе Беларусі доўгачаканае вызваленьне — і так яно абавязкова й будзе».
 
http://www.svaboda.org