Архіў навінаў
24.12.2016 Грамадства">
24.12.2016 Грамадства<
Баранавіцкі актывіст адчыніў краму з рэчамі ў нацыянальным стылі
 
У павільёне «Росквіт» можна набыць вопратку і сувеніры з беларускай сімволікай.
 
У Баранавіцкім гандлёвым цэнтры «Свяцілаўскае» 21 снежня актывіст Юры Казакевіч адчыніў павільён «Росквіт», у якім прадаюцца вышымайкі, кубкі, вокладкі для пашпартоў і іншыя рэчы з нацыянальным арнаментам.
 
Як апавёў intex-press Юрый Казакевіч, думка пра тое, каб адчыніць краму з рэчамі ў нацыянальным стылі, прыйшла паўгода таму. Але тады на рэалізацыю праекта не было грошай. Зусім нядаўна Юрый усё-такі змог увасобіць задуманае і адчыніў невялікі павільён з нацыянальнымі рэчамі.
 
– Я сам шмат гадоў выступаю за папулярызацыю беларускага ладу жыцця ў нашай краіне. Але гэта не азначае, што я хачу прымусіць людзей насіць вышыванкі і размаўляць толькі на беларускай мове. Я сам расейскамоўны, і прадавец у маёй краме гаворыць па-расейску. Для мяне галоўнае, каб людзі проста не забыліся пра сваю родную культуру, – растлумачыў Юрый Казакевіч.
 
Юрый адзначае, што за гэтыя некалькі дзён у краму прыйшло нямала людзей. У асноўным заходзяць «пазнаёміцца» і паглядзець на тавар. Вялікім попытам сярод гараджанаў карыстаюцца дробныя тавары з гербам «Пагоня» – кубкі, сувеніры, вокладкі на пашпарт, кававыя наборы і розныя вырабы ручной працы беларускіх рамеснікаў.
 
– Я не спадзяюся на высокі прыбытак, разумею, што людзі цяпер не гатовыя аддаваць шмат грошай на такія рэчы. Мая крама будзе працаваць да таго часу, пакуль гэта будзе фінансава магчыма. Для мяне гэтая крама – сродак прасоўвання беларускай культуры ў масы, а не зараблянне грошай, – прызнаўся Юрый.
 
https://charter97.org/be/news/2016/12/24/235448/