Архіў навінаў
14.01.2016 Грамадства
Бацьку чатырох дзяцей зрабілі беспрацоўным
 
З інжынерам па ахове працы мікашэвіцкага РУВП «Граніт» Уладзімірам Табула не працягнулі працоўны кантракт.
 
Уладзімір Табула прапрацаваў на мікашэвіцкім прадпрыемстве 11,5 гадоў, прайшоў кар'ерную лесвіцу ад электраслесара да інжынера па ахове працы. Скончыў Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж, дзе атрымаў спецыяльнасць: тэхнік-электрык і майстар вытворчага навучання, што дазволіла яму павысіць кваліфікацыю да 5-га разраду. У 2013 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт на завочную форму навучання. У тым сама 2013 годзе Табула атрымаў прызначэнне на пасаду інжынера па ахове працы. На загад кіраўніка прадпрыемства выконваў абавязкі намесніка начальніка аддзела, замяшчаў і вышэйстаячых кіраўнікоў.
 
Уладзімір Табула добрасумленна і прынцыпова ставіўся да сваіх абавязкаў, прадстаўляў факты парушэнняў па ахове працы, адзначаў нядбайнае і фармальнае стаўленне адміністрацыі прадпрыемства да аховы працы на "Граніце".
 
17 сьнежня 2015 года Уладзіміра Табулу звольнілі, нягледзячы на яго прафесіяналізм. Бацьку чатырох дзяцей зрабілі беспрацоўным, а ў маленькім горадзе Мікашэвічы знайсці працу праблематычна.
 
Уладзімір Табула звярнуўся да юрыста Берасцейскай Вясны Уладзіміра Малея, была падрыхтавана іскавая заява ў Лунінецкі раённы суд аб аднаўленні Табулы ў працы і выплаце маральнай шкоды.
 
Праваабаронца Уладзімір Малей, лічыць шкодным і непрафесійным падыход з боку кіраўніцтва РУВП «Граніт» выштурхоўваць з прадпрыемства маладых і высокапрафесійных спецыялістаў толькі за іх прынцыповасць.