Архіў навінаў
09.01.2016 Грамадства
У Новы Год са старымі праблемамі
 
Дробныя прадпрымальнікі адмаўляюцца ад бізнэсу з-за прэзідэнцкага указу нумар 222
 
Са студзеня ўступіў у сілу ўказ прэзідэнта нумар 222, паводле якога прадпрымальнікі абавязаны мець сэртыфікаты якасці для тавараў лёгкай прамысловасці. У выніку могуць спыніць працу большай за 120 тысячаў іпэшнікаў па ўсёй краіне.
 
Тым часам першы намеснік міністра гандлю Артур Карповіч у каментары інфармацыйнаму агентсву БЕЛТА паведаміў, што многія прадпрымальнікі яшчэ знаходзяцца "на навагодніх і калядных вакацыях". Таму пакуль немагчыма сказаць, які адсотак ІП сапраўды не выйшаў на працу, адзначыў чыноўнік. Па словах Карповіча патрэбнасці насельніцтва ў таварах лёгкай прамысловасці задавальняюцца ў поўным аб'ёме.
 
Складана паверыць у словы чыноўніка, традыцыйна ў час навагодні святаў ІПэшнікі маюць выручку ў тры разы болей чым ў звычайныя дні.
 
Нагадаем, паводле указу прэзідэнта з пачатку 2016 года прадпрымальнікі павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. У сваю чаргу іпэшнікі  скардзяцца, што расійскія пастаўшчыкі, у якіх яны закупляюцца, звычайна адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку на ІП накладаюць штрафы, у іх канфіскуюць тавар.
 
Пратэсты прадпрымальнікаў пракаціліся па ўсёй краіне, яны не выйшлі на працу не толькі ў сталіцы, так 5 студзеня прадпрымальнікі не выйшлі на працу ў Магілёве, Брэсце,  а прадпрымальнікі Віцебска пайшлі са скаргамі да кіраўніцтва горада. Пустыя рынкі не толькі ў абласных гарадах, але і раённых цэнтрах. Прадпрымальнікі патрабуюць ад уладаў не чарговай адтэрміноўкі указу № 222, а яго адмены.