Архіў навінаў
01.01.2016 Грамадства
Бярозаўскія чыноўнікі пускаюць вяскоўцам пыл у вочы
 
Жыхары вёскі Кабакі і Вашчанка ў Бярозаўскім раёне ў апошнія дні старога года атрымалі адказ з Бярозаўскага выканаўчага камітэта за подпісам намесніка старшыні Валерыя Міхнюка на сваё патрабаванне парамантаваць разбітыя дарогі.
 
У адказе напісана, што дарогі ім рамантавалі 5 снежня, як было запланавана. Хаця гэтае пытанне падняў адзіны ў краіне мясцовы незалежны дэпутат Валер Білібуха. Ён напісаў патрабаванне і сабраў подпісы людзей, што і прымусіла ўлады выконваць свае абавязкі, кажа Валер Білібуха:
 
– Калі старшыня райвыканкама 4-га снежня атрымаў мой зварот з подпісамі грамадзян, то 5-га снежня яны ўжо пачалі грэйдзіраваць дарогі.
 
Паводле грамадскага актывіста Анатоля Сахарушы, мясцовыя ўлады хочуць такім чынам захаваць добры твар пры дрэннай гульні:
 
– Яны сказалі на сходзе, што ніякіх графікаў складзена не было, што з гэтага года мы будзем складаць графікі і згодна з графікам будзем выконваць.
 
Паводле Сахарушы, мясцовым уладам трэба было паказаць, што рамонт дарог – гэта заслуга зусім не дэпутата Білібухі, а клопат саміх уладаў, што плануюць работу нават на выходныя.
 
http://www.racyja.com