Архіў навінаў
30.12.2015 Грамадства
Расце зацікаўленасць да адраджэння беларускай школы
 
Актуальным застаецца праблема адукацыі на беларускай мове. Дыскрымінацыя роднай мовы цягнецца з 1995 года.
 
У Канстытуцыі 1994 года дзяржаўнай мовай была адна — беларуская. Рэферэндум 1995 года надаў статус дзяржаўнай таксама расейскай мове, і ў галоўным законе краіны замацавалі роўнасць абедзвюх моваў.
 
Канстытуцыя (артыкулы 17, 50) гарантуе, што дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская. Дзяржава пры гэтым таксама гарантуе свабоду выбара мовы выхавання і навучання.
 
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (артыкул 2), сведчыць, што дзяржава гарантуе забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моваў пры навучанні.
 
У законе “Аб мовах” (артыкул 21) замацавана, што ўсе супрацоўнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.
Насамрэч, дзяржава не стварае роўных умоў для жадаючых вучыцца па-беларуску ў нашай краіне. Намаганнямі бацькоў створаныя невялікія асяродкі беларускамоўнага навучання, напрыклад, на захадзе Беларусі ёсць дзеці, якія навучаюцца на беларускай мове, ў Берасце, Баранавічах, Гародні...
 
Яшчэ некалькі гадоў назад сітуацыя была значна горшай. Зараз ў грамадстве назіраецца тэндэнцыя росту зацікаўленнасці да адраджэння беларускай школы ў Беларусі. Прыходзіць разуменне, што беларуская мова з’яўляецца каштоўнасцю, якую трэба захоўваць.
У пошуках беларускамоўнага асяроддзя вучні 5 “Г” класа з беларускай мовай навучання ў СШ 29 Берасця вырашылі наладзіць кантакты і пасябраваць са сваімі калегамі з беларускіх класаў Гародні і Баранавічаў. Днямі яны накіравалі беларускамоўным дзеткам свае віншаванні з Калядамі і Новым годам, спадзяючыся на сяброўства і супольныя мерапрыемства.