Архіў навінаў
23.12.2015 Грамадства
Зміцер Вайцюшкевіч выступіў у Берасці са святочнай праграмай
 
Падчас канцэрту 21 снежня, які адбыўся пасля чарговага курса “Мова нанова”, прагучалі песні на словы выбітных беларускіх паэтаў Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Някляева.
 
Паслухаць песні Змітра Вайцюшкевіча прыйшло некалькі дзесяткаў берасцейцаў. Музыка шмат жартаваў, імправізаваў, але, разам з тым, выконваў як старыя ўлюбёныя ўсімі хіты: “Калядная”, “Матуля”, “Я нарадзіўся тут”, так і парадваў песьнямі з новых альбомаў.
 
Нагадаем, што пачынаў музычную кар’еру Зміцер Вайцюшкевіч у легендарных гуртах "Палац" (1992-1998) і "Крыві" (1998-2001). Як сольны выканаўца Вайцюшкевіч дэбютаваў у праекце "Народны альбом" (1997), выканаў хіт праекту "Я нарадзіўся тут". З 2001 году выступае сольна і з гуртом WZ-orkiestra. Выканаўца запісаў больш за 20 альбомаў, у якія ўвайшлі творы на вершы такіх паэтаў як Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Рафал Ваячка, Уладзімір Караткевіч.
 
Неаднаразова Зміцер Вайцюшкевіч атрымліваў музычныя прэміі на "Рок-Каранацыі" ў намінацыях "Музыка году" (2001), "Сьпеўная паэзія" (2006), "Выканаўца году" (2009).