Архіў навінаў
17.12.2015 Грамадства
Прырода і магія ў паганскай культуры праз фатаграфію
 
16 сьнежня ўпершыню ў Берасці прайшла выстава беларускага фатографа міжнароднага ўзроўню, члена калектыву SPUTNIK PHOTOS, выкладчыка Еўрапейскага Гуманітарнага універсітэта Андрэя Лянкевіча, працы якога выстаўляліся на больш за 60 персанальных і калектыўных выставах у Еўропе, Азіі і ЗША.
 
У сваім праекце «Паганства» Андрэй Лянкевіч задаўся мэтай зразумець таямніцы народных беларускіх традыцый праз прызму адносін да прыроды, паспрабаваў адказаць на пытанне, кім мы былі і хто мы ёсць цяпер як беларусы.
 
Перад адкрыццём выставы фатограф прэзентаваў сваю кнігу "Паганства", у якой пры дапамозе фатаграфіі паказаў паганскія традыцыі і звычаі, якія да нашага часу існуюць у Беларусі. Андрэй Лянкевіч распавёў пра тысячагадовыя традыцыі, якія захаваліся на Палессі, ніхто нават прыблізна не ведае калі зарадзіліся гэтыя звычаі і абрады. Ён ставіцца да паганства не як да рэлігіі, а як да светапогляду, да паважлівага стаўлення да прыроды.
 
У сваёй прамове Андрэй Лянкевіч звярнуў увагу на тэндэнцыю сучаснай фатаграфіі. Ён кажа, што фатаграфія сёння перастала быць фатаграфіяй у першапачатковым, традыцыйным разуменні, як мастацтва атрымання здымкаў. Нараджаюцца новыя формы, тэндэнцыі і абазначэння фатаграфіі, з'яўляецца новы набор візуальных моў і значна пашыраецца працоўны інструментар фатографаў.