Архіў навінаў
16.12.2015 Грамадства
Ад брэсцкіх уладаў патрабуюць празрыстасці ў справе фінансавання будаўніцтва новых устаноў адукацыі у горадзе
 
На адрас Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў і гарвыканкама накіраваны зварот, у якім прапануецца распрацаваць стратэгію і прыняць план, накіраваныя на вырашэнне праблемы даступнасці адукацыі па месцы жыхарства.
 
Мясцовыя актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) звяртаюць увагу, што ў сувязі з будаўніцтвам і пашырэннем асобных мікрараёнаў, а таксама далучэннем новых, гэтая праблема з’ўляецца вельмі актуальнай. У першую чаргу, гэта датычыцца мікрараёнаў Паўднёвы, Вулька, Ковалево, Паўднёвы Захад, Усход, дзе не хапае дзіцячых дашкольных устаноў, устаноў пачатковай і сярэдняй школы. Напрыклад, увядзенне ў эксплуатацыю школы-сада ў мікрараёне Паўднёвы пераносіцца ўжо два гады запар.
 
Аўтары звароту заклікаюць перагледзець практыку размяшчэння навучальных і выхаваўчых устаноў у Брэсце і лічаць, што будаўніцтва дашкольных устаноў, устаноў пачатковай і сярэдняй школы ў мікрараёнах горада неабходна ажыццяўляць прапарцыйна колькасці дзяцей, якія там пражываюць. У звароце прапануецца вынесці пытанне аб даступнасці адукацыі па месцы жыхарства на разгляд сесіі гарадскога Савета дэпутатаў; распрацаваць стратэгію і прыняць план, накіраваны на вырашэнне праблемы даступнасці адукацыі па месцы жыхарства ў Брэсце на працягу бліжэйшых 4-5 гадоў; замацаваць артыкулы выдаткаў у бюджэце горада на 2016 год на будаўніцтва мінімум двух новых навучальных устаноў. Таксама выкладзена прапанова, каб публічна былі агучаны сумы, запланаваныя на будаўніцтва ўстаноў адукацыі ў наступным годзе і тэрміны ўвядзення іх у эксплуатацыю на працягу бліжэйшых гадоў.
 
http://spring96.org